БЕЛ Ł РУС

За выбух у мінскім метро судзілі не толькі Канавалава і Кавалёва. Як склаўся лёс яшчэ трох фігурантаў справы?

9.04.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Тры чалавекі атрымалі турэмныя тэрміны, бо іх прызналі ўскосна вінаватымі ў трагедыі.

Віталь Рагачэўскі (злева) і Руслан Сініцын. Фота з базы «Кіберпартызанаў»

Пра іх далейшы лёс стала вядома дзякуючы інфармацыі ад «Кіберпартызанаў».

Прапаршчык Віталь Рагачэўскі ўвечары 11 красавіка 2011 года дзяжурыў на станцыі «Фрунзенская» і не звярнуў увагу на Дзмітрыя Канавалава з вялікай сумкай, які праходзіў у метро. Ужо 18 красавіка яго звольнілі з міліцыі «за парушэнне службовай дысціпліны». За нядбайнае выкананне службовых абавязкаў Рагачэўскаму прысудзілі тры гады калоніі-пасялення.

Зрэшты, ён правёў у зняволенні не больш за палову прысуджанага тэрміну.

Віталь Рагачэўскі на дзяжурстве прапускае Дзмітрыя Канавалава з сумкай. Скрыншот з камер назірання

Пасля вызвалення Рагачэўскі працаваў у мінскіх крамах — відавочна, ахоўнікам. Былы сілавік адзначыўся ў базах тым, што перыядычна тэлефанаваў у міліцыю, калі лавіў дробных злодзеяў на працоўным месцы.

Апошнія некалькі гадоў мужчына працаваў у сталіцы дворнікам — «рабочым па комплекснай уборцы». Цяпер яму 49 гадоў.

Старшага эксперта-крыміналіста з Віцебска Руслана Сініцына, якому цяпер 46 гадоў, пасля выбуху ў метро асудзілі на тры гады калоніі-пасялення за службовую халатнасць.

Сініцын да прыходу ў міліцыю працаваў у грамадзянскай авіяцыі (ён скончыў Мінскі вышэйшы авіяцыйны каледж). Пасля быў экспертам фанаскапічнай лабараторыі экспертна-крыміналістычнага цэнтра ўпраўлення ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкама. Займаўся вылічэннем «тэлефонных тэрарыстаў», потым праводзіў дактыласкапію.

У 2009‑м ён паверыў прызыўніку Дзмітрыю Канавалаву, калі той сказаў, што ўжо здаваў адбіткі пальцаў. Сініцын выдаў яму даведку пра тое, што ён быццам прайшоў дактыласкапію. У выніку Канавалава даўжэй шукалі ў 2011‑м (і не правяралі на датычнасць да выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008).

Руслан Сініцын. Фота: vsmu.by

Падчас адседкі ў горацкай калоніі-пасяленні Сініцын працаваў на мясцовых прадпрыемствах «Камунальнік», ПМК №1 і «Будаўнік». У пачатку 2013 года ён вызваліўся.

Былы капітан міліцыі пайшоў на Віцебскі мясакамбінат, а потым у «Белцеплаізаляцыю». У 2015—2017 гадах Сініцын працаваў у гродзенскай евангелічна-лютэранскай суполцы. Пазней ён канчаткова пайшоў у лагістыку і працаваў у розных кампаніях.

Руслан Сініцын — другі злева. На чэмпіянаце па міні-футболе ў Магілёве. Фота: fezmogilev.by

Самы жорсткі прысуд з гэтай тройкі — шэсць гадоў калоніі — атрымаў Максім Жолудзеў. Яшчэ ў пачатку нулявых ён, тады курсант вайсковай часці 22249, скраў тры трацілавыя шашкі, якія ўрэшце трапілі ў рукі Канавалава і сталі асновай для бомбы.

Максім Жолудзеў. Фота з базы «Кіберпартызанаў»

Пасля вызвалення ў 2015 годзе Жолудзеў застаўся верным будаўнічай сферы, у якой працаваў да пасадкі. Жолудзеў змяніў некалькі працоўных месцаў, перайшоўшы з «Віцебскаблсельбуда» ў прыватныя кампаніі.

Мужчына памёр у Віцебску 9 сакавіка 2023 года ад наступстваў каранавіруса. Яму было 43 гады.

Чытайце таксама:

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро

Тэракт у метро, забойства жонкі з каханкам, даміно на жыццё. За што ў Беларусі прысуджалі да расстрэлу

15 гадоў выбуху каля Стэлы. Як тады ўлады баяліся слова «тэрарызм» і як здарэнне ўспрымаецца цяпер?

Каментары да артыкула