37‑гадовага веласіпедыста з Салігорска кінулі за краты за Гаюна
Яўген Дзеруноў родам з расійскай Карэліі, але ўсё жыццё пражыў у Беларусі.
Яўген Дзеруноў у 2014 годзе. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Яўгену Дзерунову 37 гадоў. У сацсетках ён пісаў, што родам з расійскай Карэліі, але ўсё жыццё пражыў у Салігорску. Пасля школы адслужыў у войску. Яўген пісаў, што працаваў слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі і што праца гэтая складаная.
Па-за працай галоўным захапленнем салігорца быў — веласпорт. Ён жыў лічбамі пра кіламетры, хуткасць і набор вышыні, якія фіксаваў праз свае дэвайсы. Яўген рэгулярна дзяліўся трэкамі, абмяркоўваў выбар велакамп'ютараў і парады па рамонце, удзельнічаў у мясцовых аматарскіх заездах. Катаўся ён амаль штодня.
Яўген Дзеруноў падчас адной з роварных вандровак. Фота з ягонага тэлеграма
Мужчыну затрымалі 30 чэрвеня 2025 года. Яго асудзілі нядаўна ў Мінскім абласным судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Крымінальны пераслед звязаны са справай Гаюна. Хутчэй за ўсё, яму прысудзілі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі — у анлайне Дзеруноў так і не з'явіўся.
Чытайце таксама:
Беларускамоўнага інжынера родам з Хойнікаў асудзілі — хутчэй за ўсё, па справе Гаюна
25‑гадовую дызайнерку з Пінска, якая распісвала сцены для сацыяльнага цэнтра, асудзілі за палітыку
Муляра з Жодзіна асудзілі па справе Гаюна і за «абразу» Лукашэнкі