БЕЛ Ł РУС

Новы міністр інфармацыі адказаў, ці будуць у Беларусі блакаваць YouTube

9.04.2026 / 13:54

Nashaniva.com

Сёння стала вядома імя новага кіраўніка міністэрства інфармацыі. Пасля прызначэння Дзмітрыя Жука спыталі, ці будуць блакаваць YouTube у Беларусі.

«Любое рашэнне, асабліва такога плана, як забарона, павінна быць дакладна прадуманым. Павінны быць прадуманыя яго наступствы. Яно павінна быць мэтазгодным і эфектыўным. Калі мы дэкларуем, але не можам рэалізаваць, то лепш наогул не дэклараваць, — лічыць Дзмітрый Жук. — Што тычыцца платформаў, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі Беларусі, дзейнічаць трэба вельмі акуратна».

Паводле яго слоў, Лукашэнка — «не прыхільнік забарон».

«Трэба шукаць іншыя механізмы ўзаемаадносін з гэтымі буйнымі гульцамі сусветнай медыяпрасторы», — мяркуе новы міністр. 

Пасля блакавання на YouTube каналаў Белта, СТБ і АНТ прапагандысты сталі заклікаць да блакавання відэахостынгу ў краіне. 

Жук назваў гэта інфармацыйнай вайной без правіл.

«Яна [інфармацыйная вайна] ідзе вельмі жорстка, без правіл. Нядаўні прыклад — выдаленне з YouTube трох каналаў нашых вядучых СМІ. І адна з задач — не дапусціць, каб інфармацыйная вайна стала гарачай. Няхай яна застаецца ў інфармацыйнай сферы. Змагацца прыйдзецца на чужой тэрыторыі — на тым жа YouTube, у Instagram», — сказаў Дзмітрый Жук.

Журналістаў новы міністр назваў салдатамі гэтай інфармацыйнай вайны.

«Сфера прымянення іх намаганняў — гэта пытанне тэхналогій, і мы не ведаем, што нам падкінуць заўтра. Але мы павінны выразна разумець, што гэта ідэалагічна вывераныя, пісьменныя людзі, якія здольныя і тэхналагічна асвойваць любыя фарматы працы. Гэта самае важнае, што трэба будзе зрабіць у інфармацыйнай сферы», — падкрэсліў ён.

Іншай немалаважнай задачай Дзмітрый Жук назваў абарону беларускага рынку ад інфармацыйнага ўварвання негатыўных трэндаў, якія «супраць прыроднай маралі беларусаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула