БЕЛ Ł РУС

У сеціве вірусяцца фоты рознакаляровага Месяца. Ён сапраўды такі?

9.04.2026 / 16:36

Nashaniva.com

Па інтэрнэце разляцеліся фоты Месяца, дзе спадарожнік Зямлі ззяе рознымі колерамі, нібыта брыльянт. Некаторыя ідуць яшчэ далей і кажуць, што тыя фоты зрабілі астранаўты з «Артэміды-2».

Фота: _ibatullin_ildar_ / Instagram

Здымкі рознакаляровага Месяца завірусіліся ў сеціве. У сацсетках абмяркоўваюць іх, нібыта гэта новае адкрыццё. Вось што пішуць карыстальнікі Threads:

«Вы бачылі гэтую прыгажосць? Аказваецца, Месяц — каляровы!»

«Сотні гадоў людзі думалі, што гэта проста шэры кругляк на небе. А аказалася, што ён рознакаляровы!»

«Нават Месяц рознакаляровы, а панэлькі ў Беларусі ўсё такія ж шэрыя».

Посмотреть в Threads

Некаторыя карыстальнікі прыпісваюць тыя фоты астранаўтам з «Арыёна».

Перш за ўсё, гэтыя здымкі не маюць ніякага дачынення да «Артэміды-2», і вы не знойдзеце іх ні на адным з рэсурсаў, дзе NASA выкладаюць фоты з «Арыёна». Затое і гэтыя фоты, і шмат іншых падобных здымкаў ёсць на старонцы Ільдара Ібатуліна, фатографа з Кіева. Тыя самыя вірусныя здымкі Ільдар выклаў у інстаграм у жніўні 2025-га.

Пад сваімі пастамі Ільдар тлумачыць, як у яго атрымліваюцца такія фоты:

«Падчас апрацоўкі я наўмысна ўзмацніў яскравасць Месяца, каб паказаць мінеральны склад яго паверхні. Аранжавыя адценні ўказваюць на жалезаносныя мінералы, а сінія адценні адпавядаюць багатым на тытан рэгіёнам на паверхні».

Калі прасцей, на Месяцы ёсць залежы мінералаў, і іх колеры насамрэч трохі адрозніваюцца ад шэрага колеру месяцовай паверхні. Але ж тая розніца такая малая, што яе на ўласныя вочы вельмі цяжка ўбачыць. Таму, каб зрабіць яркія здымкі Месяца, Ібатуліну даводзіцца ўзмацняць да максімуму слабыя колеры яго паверхні.

Сапраўдны ж Месяц для чалавечага вока выглядае шэрым — такім, як яго заснялі астранаўты з «Артэміды-2:

Фота: NASA

Чытайце таксама:

«Усё гэта вартае таго». Экіпаж «Артэміды» вяртаецца на Зямлю і правёў прэс-канферэнцыю ў космасе

Чаму амерыканцы так ірвуцца на Месяц, што там будуць здабываць? І што да таго беларусам? Тлумачыць беларускі астрафізік

Чаму людзі паўстагоддзя не лёталі да Месяца?

Каментары да артыкула