На мяжы з Украінай адкрылі комплекс яшчэ адной памежнай заставы
У Брагінскім раёне адкрылі новы комплекс памежнай заставы «Гдзень». Гэта самая паўднёвая застава Беларусі на мяжы з Украінай, паведамляе прэс-служба Гомельскага аблвыканкама.
Фота: t.me/gomel_region_gov
Хоць сама застава пачала працаваць яшчэ ў лістападзе 2022 года, цяпер для яе пабудавалі сучасны інфраструктурны комплекс.
Падраздзяленне кантралюе каля 15 кіламетраў сухапутнай мяжы Беларусі і Украіны. Асаблівасць гэтага ўчастка ў тым, што ён знаходзіцца адносна блізка да Чарнобыльскай АЭС — прыкладна за 30 кіламетраў. Побач таксама размешчаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, хоць узровень радыяцыі на тэрыторыі самой заставы лічыцца бяспечным.
Фота: t.me/gomel_region_gov
Новы комплекс уключае ўсё неабходнае для службы: памяшканні для пражывання, аб’екты для трэніровак, месцы для рамонту і захоўвання тэхнікі, а таксама гадавальнік для службовых сабак.
Сам участак мяжы абсталяваны сучаснымі сродкамі аховы: інжынернымі загародамі, сістэмамі назірання і кантролю, у тым ліку з выкарыстаннем валаконна-аптычных тэхналогій.
Чытайце таксама:
У Макранах на мяжы з Украінай адкрылі новую памежную заставу
У бязлюднай зоне адчужэння на Гомельшчыне пачалі будаваць некалькі вышак сувязі