БЕЛ Ł РУС

На поўначы Беларусі існавала велізарнае возера — у 150 разоў большае за Нарач. Яно знікла ў выніку прыроднай катастрофы, але сляды заўважныя і сёння

12.04.2026 / 09:00

Ф. Раўбіч

Статус Нарачы як галоўнага вадаёма краіны здаецца бясспрэчным. Але яшчэ 11 тысяч гадоў таму на поўначы Беларусі плёскалася сапраўднае прэснаводнае мора. І яно знікла на вачах у першых жыхароў нашага краю.

Плошча бяскрайняй Нарачы, найбуйнейшага возера Беларусі, у 150 разоў меншая за плошчу Полацкага прыледавіковага возера, якое плёскалася на поўначы Беларусі 11 000 гадоў таму. Фота: golubyeozerabelarus.by

Са школьнай праграмы ўсім вядома, што найвялікшым возерам Беларусі з'яўляецца Нарач. Нават пралятаючы на самалёце за сотню кіламетраў ад беларускіх межаў, без цяжкасцяў можна пазнаць два аб'екты — магутныя градзірні Беларускай АЭС і абрысы Нарачы. Плошча возера 79,6 км², можа, і ўражвае нас, але ў параўнанні з тым, які вадаём існаваў побач у недалёкай геалагічнай мінуўшчыне, Нарач — гэта толькі сціплая лужына.

Калі б мы мелі магчымасць са спадарожніка зірнуць на тэрыторыю сучаснай Беларусі ў эпоху позняга палеаліту, мы б пабачылі на поўначы краіны каласальны вадаём, які пакрываў каля 12 000 км².

Сёння б гэтае возера займала другое месца ў спісе найвялікшых азёр Еўропы, саступаючы толькі Ладажскаму возеру, чыя плошча складае 17 870 км². У параўнанні з гігантам мінулага наша сучаснае возера Нарач меншае роўна ў 150 разоў.

У перыяд свайго максімальнага напаўнення гэтая гіганцкая водная чаша расцягнулася з паўднёвага захаду на паўночны ўсход амаль на 200 км, ахопліваючы таксама частку тэрыторыі цяперашніх Літвы і Латвіі. Максімальныя глыбіні ў заходняй, Дзісненскай частцы вадаёма даходзілі да 70 метраў, што амаль у тры разы перавышае найглыбейшае месца сучаснай Нарачы.

Як з'явілася мора

Каб зразумець, адкуль узяліся такія каласальныя водныя прасторы, трэба прыгадаць пра апошні, паазерскі ледавік. Гэты магутны ледзяны панцыр пад уздзеяннем кліматычнага пацяплення пачаў паступова раставаць каля 18 000 — 20 000 гадоў таму. Аднак вада не магла свабодна сцякаць на поўнач, бо шлях ёй перакрывала сама сцяна ледавіка.

Полацкая нізіна (цёмна-зялёным) на геамарфалагічнай карце Беларусі. Фота: Wikimedia Commons

З поўдня і ўсходу натуральным бар'ерам служылі ўзвышшы, сфарміраваныя папярэднімі зледзяненнямі. Утварылася ідэальная пастка, дзе талыя воды запаўнялі гіганцкую дэпрэсію (паніжэнне рэльефу), якую мы сёння ведаем як Полацкую нізіну.

Возера было слабапраточным. Лішкі вады павольна пераліваліся ў паўднёвым напрамку, шукаючы шлях праз сістэму скразных далін у басейны Віліі і Бярэзіны, а адтуль накіроўваліся далей на поўдзень у Нёманскую нізіну. Гіганцкі басейн тысячагоддзямі заставаўся халодным адстойнікам, на дне якога бесперапынна назапашваліся тоўшчы пяску, галькі і стужкавых глін.

Першыя людзі, якія жылі ў Беларусі

Доўгі час у айчыннай гістарыяграфіі панаваў міф, што суровая поўнач Беларусі ў фінальным палеаліце была абсалютна бязлюднай, а першыя паляўнічыя прыйшлі сюды толькі ў эпоху мезаліту, калі клімат канчаткова змякчэў. Але апошнія археалагічныя даныя і рэвізія старых калекцый разбураюць гэтыя ўяўленні.

Высвятляецца, што на берагах Полацкага мора кіпела жыццё. Археолагі знаходзяць тут сляды так званай свідэрскай культуры — супольнасці паляўнічых на паўночных аленяў, якія валодалі дасканалай тэхнікай апрацоўкі крэменю. Напрыклад, на стаянцы Пясчаніца каля Лепельскага возера ці ў комплексе Наўры на Мядзельшчыне знойдзеныя характэрныя крамянёвыя наканечнікі стрэл і прылады працы, якія датуюцца прамежкам ад 12 000 да 8 000 гадоў да нашай эры. Аналагічныя помнікі раскіданыя на тых жа шыротах у суседніх Літве і Латвіі.

Гэта азначае, што 11 000 гадоў таму, калі возера яшчэ плёскалася на поўначы сучаснай Беларусі, на яго берагах стаялі стаянкі старажытных людзей. Яны лавілі тут рыбу, палявалі ў прыбярэжнай тундры і бярозава-сасновых рэдкалессях, і менавіта яны сталі відавочцамі грандыёзнай экалагічнай катастрофы, якая змяніла ландшафт назаўсёды.

Прарыў Полацкага мора ў Балтыку

Лёс Полацкага мора быў прадвызначаны кліматычнымі зменамі. Гіганцкі вадаём пратрымаўся амаль дзевяць тысячагоддзяў, але яго гісторыя скончылася ў перыяд рэзкага глабальнага пацяплення, які геолагі называюць алеродам. Па меры таго, як ледавік канчаткова адступаў, зямная кара, пазбаўленая вагі мільярдаў тон лёду, пачала прыўздымацца.

Прыкладна 11 000 гадоў таму магутны водны паток нарэшце знайшоў слабое месца ў марэннай градзе на захадзе. Гэта адбылося на тэрыторыі сучаснай Латвіі, акурат на ўчастку паміж цяперашнімі гарадамі Краслава і Дзвінск (Даўгаўпілс). Старажытная Дзвіна літаральна прарвала прыродную дамбу, утварыўшы скразную даліну.

Мільёны кубаметраў вады дзіка равучы рынуліся ўніз, пракладаючы сабе шлях да Балтыйскага мора. Магчыма, гэта не была сцэна з галівудскіх фільмаў-катастрофаў, дзе паток змывае ўсё жывое за адзін дзень, але па геалагічных мерках спуск адбыўся надзвычай імкліва.

На вачах у старажытных паляўнічых берагавая лінія пачала імгненна адступаць, а гіганцкая чаша апусцела, пакінуўшы пасля сябе гразкі, голы ландшафт, які пазней пакрыўся дзюнамі.

Сляды Полацкага мора сёння

Сённяшняя Полацкая нізіна ўяўляе сабой літаральна высахлае дно таго самага мора. Калі вы падарожнічаеце па Віцебшчыне і бачыце абсалютна плоскія раўніны, якія раптам змяняюцца пясчанымі эолавымі градамі ці пагоркамі, вы глядзіце на сляды, якія пакінулі плыні Полацкага прыледавіковага возера, і рэшткі яго астравоў.

Балота Ельня сфармавалася ў неглыбокіх катлавінах, з якіх вада Полацкага прыледавіковага возера так і не здолела сцячы да канца. Фота bigtrip.by 

Велічныя сасновыя бары ўздоўж Дзвіны жывяцца менавіта з тых самых азёрна-ледавіковых пяскоў. Шырокія ж верхавыя балоты накшталт славутай Ельні ці Обальскага масіву сфармаваліся ў неглыбокіх катлавінах, адкуль вада так і не здолела сысці да канца.

Сучасныя вадаёмы, такія як Багінскае возера, застаюцца толькі рэшткавымі лужынкамі колішняга гіганта. Сама ж Дзвіна з яе шматлікімі прытокамі, уключаючы Дрысу, Палату і Дзісну, проста прарэзала свае новыя рэчышчы акурат па мяккіх адкладах былога мора.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула