У Вялікай Бераставіцы знеслі ўнікальны заезны двор ХІХ стагоддзя. На сцяне з савецкіх часоў вісела шыльда «ахоўваецца законам»
За савецкім часам гэты будынак на Ратушнай плошчы лічыўся помнікам грамадзянскай архітэктуры, але ў незалежнай Беларусі чамусьці перастаў. А цяпер ад яго засталася толькі купа камянёў.
Заезны двор у Вялікай Бераставіцы да знішчэння. Фота: Vandrvm
Знішчэнне заўважыў праект Vandrvm, які апублікаваў фотаздымкі месца на рагу вуліц Чырвонаармейскай і Чкалава, дзе яшчэ нядаўна стаяў заезны двор другой паловы ХІХ стагоддзя.
Знесены будынак уяўляў сабой рэдкі для Беларусі ўзор традыцыйнага гасцінічнага комплексу, які спалучаў памяшканні для начлегу, карчму і ўнутраны двор для коней і фурманак. Галоўны фасад ашаляваны, завершаны высокім трохвугольным шчытом, дэкарыраваным фігурнай шалёўкай.
Месца, дзе стаяў заезны двор у Вялікай Бераставіцы. Фота: Vandrvm
Месца, дзе стаяў заезны двор у Вялікай Бераставіцы. Фота: Vandrvm
Як адзначае тэлеграм-канал «Спадчына», заезны двор быў прызнаны помнікам і занесены ў савецкі «Збор помнікаў гісторыі і культуры» 1986 года. Аднак пры фарміраванні сучаснага Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей ён па незразумелых прычынах проста выпаў з пераліку помнікаў і пазбавіўся якой-небудзь аховы. Пры гэтым на яго фасадзе працягвала вісець шыльда, якая абвяшчала, што помнік «ахоўваецца законам».
Шыльда, якая абвяшчае, што заезны двор з’яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя і ахоўваецца законам. Фота: Vandrvm
На думку аўтараў канала, зусім нядаўна была магчымасць уратаваць помнік, але ёй не скарысталіся адказныя за рэстаўрацыю і ахову гісторыка-культурнай спадчыны.
Праект зон аховы для суседніх аб'ектаў — рэшткаў касцёла кармелітаў і брацкай магілы на Ратушнай плошчы. Заезны двор (унізе) трапляе ў зону рэгулявання забудовы (карычневым), але ні на схеме, ні ў тэксце ён ніяк не вылучаны сярод пасляваенных тыпавых праектаў.
У верасні 2024 года быў зацверджаны праект зон аховы для суседніх аб'ектаў — рэшткаў касцёла кармелітаў і брацкай магілы на Ратушнай плошчы. Распрацоўку дакументацыі вяла «Белрэстаўрацыя». Нягледзячы на тое, што заезны двор знаходзіўся ў межах зоны рэгулявання забудовы, у праекце ён не быў вылучаны як каштоўны гістарычны аб'ект. Адсутнасць якога-небудзь ахоўнага рэгламенту ў дачыненні да яго фактычна дазволіла далейшы знос.
У Беларусі больш не засталося вядомых узораў драўляных заезных двароў. Мураваны ж заезны двор у Нясвіжы, на шчасце, захаваў за сабой статус помніка архітэктуры.
Заезны двор у Нясвіжы