Міністр культуры выцягнуў у эфір чарговага Астапа Бэндара. І гэта стала апошняй кропляй: супраць гэтага фермера-хвалька выступіла сям’я
Назар Мельнікаў абвясціў сабе самым знакамітым фермерам Беларусі. Ён захапіў сацсеткі і пратаптаў сабе дарожку на ўсе дзяржаўныя тэлеканалы. Але апошняе інтэрв’ю пабачыла былая жонка — і мыльная бурбалка лопнула на вачах.
Марат Маркаў запісваў інтэрв'ю з Назарам Мельнікавым, будучы міністрам інфармацыі. А калі яго паказалі ў эфіры, Маркаў ужо быў міністрам культуры. Скрыншот: АНТ
Пачнём, імаверна, з канца гісторыі: у чарговым пафасным інтэрв’ю Назар Мельнікаў расказаў, што адзін гадуе сына.
Гэта стала адным са шматлікіх штрыхоў ідэальнага партрэта фермера-хіпстара: малады, спартыўны, стваральнік ягаднай імперыі, пра патрыятызм гатовы распавядаць бясконца… Нехта з беларусаў нават пачаў замілоўвацца ў Threads.
Але, на няшчасце для Назара, менавіта фраза пра сына адкрыла скрыню Пандоры. Пасля такой публічнай заявы яго былая жонка Ганна вырашыла, што не будзе больш маўчаць: кажа, што «стваральнік ягаднай імперыі» насамрэч нічога за душой не мае. А бясконцыя гісторыі пра паспяховы поспех існуюць толькі ў яго фантазіях.
Развялася пара 31 снежня 2025 года. Ганна расказвае ў каментарах, што першапачаткова яны вырашылі, што 6‑гадовы сын будзе жыць палову часу з бацькам, а палову — з маці.
Толькі вось, па словах Ганны, Назар у асноўным скідаў сына на сваю маці.
Плюс былі нейкія дзіўныя сюрпрызы — напрыклад, аднойчы яе былы муж вырашыў, што будзе смешна, калі намаляваць на целе сына зялёнкай імя сваёй новай каханай.
У выніку Ганна вырашыла, што сын будзе ўвесь час жыць з ёй, і падала ў суд на аліменты. Праўда, пасяджэння яшчэ не было.
Пасля прызнання Ганны і іншыя людзі вырашылі расказаць сваю праўду пра Назара Мельнікава, які апошнім часам стаў улюбёнцам прапаганды.
У інфапрасторы ён з’явіўся ў 2024 годзе. Пра сябе Назар ахвотна расказваў тое, што ён — былы прафесійны баскетбаліст, які пакінуў спорт праз траўму, а потым падаўся ў фермеры.
На сайце непрафесійнай баскетбольнай лігі можна знайсці артыкул за 2015 год, у якім сярод іншага згадваецца, што Назар Мельнікаў, капітан каманды СДЮШАР «Мінск-2006» «у спробе дастаць мяч здзейсніў рывок, зваліўся, ачуўся — гіпс, дзікі парыў звязак, мыліцы, рэабілітацыя даўжынёй у паўгода».
У самых першых сваіх інтэрв’ю хлопец агучваў сваю біяграфію так: пажыў у Мінску, па вышэйшую адукацыю паехаў у Маскву, але стаміўся ад шумнага горада (хоць і падкрэслівае, што Расію палюбіў) і таму вярнуўся на радзіму.
Але ж паступова змяніў гісторыю на больш драматычную. Летась «Анлайнеру» Назар расказваў, што трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю: бацька памёр, грошай у сям’і не было. Мама казала, што трэба паступаць ва ўніверсітэт, але хлопец дастаў свае 300 даляраў і паехаў працаваць у Маскву.
— Прадпрымальніцкая жылка ўва мне была, здаецца, яшчэ ў дзяцінстве. Памятаю, як купляў налепкі і фішкі ў крамах, а потым прадаваў даражэй хлопцам са школы. У старэйшых класах гандляваў цыгарэтамі, мяне за гэта нават судзілі. Так балюча было бачыць маму, якая плача на судзе, што з тых часоў імкнуся быць пай-хлопчыкам.
Па гэтай версіі Назар адпрацаваў год у Расіі афіцыянтам і вярнуўся дадому, бо трэба было лячыць тое самае траўмаванае калена.
— Маскоўскі вопыт мяне шмат чаму навучыў. Колькасць заробленых грошай там залежала не ад якасці прыбраных талерак, а ад таго, як хутка атрымаецца наладзіць кантакты з людзьмі і заваяваць іх давер. Цяпер я раблю, па сутнасці, тое ж самае: я абсалютна гарадскі чалавек, якому штодня даводзіцца размаўляць з людзьмі з вёскі, знаходзіць правільны падыход да іх.
Імаверна, праўда ў гэтых словах ёсць, і менавіта ў Маскве Назар засвоіў прынцып fake it till you make it (прыкідвайся, пакуль не станеш).
Той самы «паспяховы поспех» у жыцці Назара пачынаецца з сельскагаспадарчага прадпрыемства «Агра-Лукомль». «Анлайнеру» (ды не толькі яму) малады мужчына хваліўся, што ставарыў яго разам з братам «чатыры гады таму» (са слоў Назара вынікае, што было гэта ў 2021 годзе — але зарэгістраваны «Агра-Лукомль» быў у 2023-м). І расказваў, што вось-вось яны пачнуць зарабляць мільёны даляраў на ягадах.
Адначасова мужчына раскручваў свой інстаграм (цяпер там 149 тысяч падпісчыкаў). Публікаваў відэа ў стылі фермер-хіпстар, у сторыс разважаў, як лёгка ў Беларусі атрымаць зямлю ад дзяржавы і пачаць працаваць.
А пра «Агра-Лукомль» СМІ пісалі праз тое, што прадпрыемства трапіла ў Кнігу рэкордаў Беларусі ў намінацыі «Самая хуткая пасадка чорных парэчак за 10 гадзін».
Назар трымаўся настолькі ўпэўнена ў кадры, настолькі актыўна рваўся расказваць пра беларускае фермерства, што ў хуткім часе яго пачалі запрашаць і ў дзяржаўныя СМІ для інтэрв’ю, і на розныя праўладныя круглыя сталы.
Неяк ён хваліўся, што разам з Міністэрствам адукацыі «выбудаваў план развіцця патрыятычнай і арыентаванай на сельскую гаспадарку дзейнасці, накіраванай на змяншэнне кадравага голаду ў важных для эканомікі сектарах».
Летась мужчына знайшоў і яшчэ адну нагоду для хайпа. Ён расказаў, што стварае брэнд адзення Insomnia.
За 750 рублёў Назар збіраўся прадаваць спартыўныя касцюмы з велюру з афіцыйнымі гербамі Беларусі і Расіі. Пазіцыянаваў ён свае творы як адзіныя ў краіне патрыятычныя касцюмы.
Здаецца, іх пакуль ніхто не атрымаў: прайшло ўжо больш за паўгода з моманту гучных заяў — а воз і цяпер там. У інстаграме брэнда Назар яшчэ ў сакавіку абяцаў, што «на гэтым тыдні» абвесціць старт продажу касцюмаў — і цішыня.
Адна з жанчын, якая спрабавала заказаць той самы патрыятычны касцюм, падзялілася сваім досведам у Threads:
«Я заказала ў яго класны спартыўны касцюм для мужа на Новы год, за 800 рублёў. Сказаў, праз дзесяць дзён будзе. І па сёння касцюма няма. Аванс я не ўносіла, але пісала яму і пыталася. Потым ён нават не адказваў. З таго моманту я зразумела, што ён балабол, бо сур’ёзныя людзі так бізнэс не вядуць».
Нядаўна Мельнікава запрасіў да сябе на інтэрв’ю наваспечаны міністр культуры Марат Маркаў. Назар разважаў наконт перспектыў вырошчвання чорных парэчак і абляпіхі ды дзяліўся думкамі пра любоў да жывёл у сельскай гаспадарцы.
Замілаваны Маркаў казаў: «Скажу шчыра, мне падабаецца вас слухаць. Такая філасофія вельмі цікавая сама па сабе».
Дзяліўся Назар і думкамі пра фермерскія пратэсты ў Еўропе.
Маркаў жа рабіў акцэнт на тым, што Мельнікаў, які па маладосці нават трапляў пад суд, у выніку ператварыўся ў чалавека, які беражліва ставіцца да роднай зямлі.
Былая жонка ж расказала пра іншы крымінальны эпізод у жыцці Назара — маўляў, збіў чалавека на запраўцы і мае непагашаную судзімасць.
Праўда, падпісалі Назара на АНТ даволі сціпла — інфлюэнсер беларускага АПК.
Бо, колькі б ні прэзентаваў Назар сябе як паспяховага фермера, ад сапраўднай працы на зямлі ён далёкі.
Пад нарэзкамі відэа АНТ з інтэрв'ю Мельнікава — а іх старанна раскідваў паўсюль і сам блогер — з'явілася шмат каментароў абураных людзей. Напрыклад, Таццяна Мельнікава, жонка Арцемія Мельнікава — таго самага брата, з якім Назар быццам бы ствараў «Агра-Лукомль».
Яна расказала, што насамрэч кампанію стварыў Арцемій Мельнікаў разам са сваім кампаньёнам. Назара ж узялі ў 2024 годзе наёмным супрацоўнікам — дырэктарам, але ў асноўным той займаўся менавіта прасоўваннем «Агра-Лукомля» ў медыяпрасторы. Звольнілі яго ў кастрычніку 2025 года праз, па словах Таццяны, непрыгожую гісторыю з грашыма.
Таццяна абвінавачвае Назара і ў тым, што той без дазволу здымаў свае відэа пра працу на ферме і жывёл на чужых тэрыторыях.
Некаторы час Назар спрабаваў адбівацца і сцвярджаў, што ён фермер. Людзі ж у каментарах прасілі назваць тады код сваёй гаспадаркі.
Але ў выніку Мельнікаў апублікаваў допіс, у якім расказаў, што ў 2024‑2025 гадах працаваў дырэктарам «Агра-Лукомля», а з канца 2025 года і па сёння з’яўляецца дарадцам па развіцці ў ААТ «Нурава».
Розгалас актывізаваў і іншых людзей, знаёмых с Мельнікавым. Напрыклад, у Threads пра свой досвед працы на Назара расказала фатографка Вольга.
Яна пабачыла вакансію СММ-спецыяліста — трэба было здымаць будні дырэктара сельгаспрадпрыемства: «Аказалася, што ён бярэ на «працу» шмат людзей адначасова, каб яму проста бясплатна здымалі кантэнт, які ён без дазволу публікуе ў сябе ў профілі (тэставы неаплатны дзень). Потым у выніку людзей кідае і бярэ іншых — і так па коле.
Але Вольга дайшла да ўзроўню «тэставы месяц»: «Я як кантэнт-маркетолаг была настроеная на сур’ёзную працу, хацела тэсціраваць розныя тыпы ролікаў і ўвогуле змяніць усё ў вядзенні акаўнта, але яму падабаліся менавіта тыя, дзе напісана «калгасным» шрыфтам «Самы лепшы фермер РБ» або «Хлопчык-мужчына».
Па словах дзяўчыны, ніякіх сцэнароў у ролікаў не было. Звычайна працавалі па такой схеме: прыязджалі на ферму і здымалі, як Назар там ходзіць — і робіць выгляд, быццам працуе. Аграблогер, дарэчы, неаднаразова сцвярджаў, быццам выходжваў жывёл, але Вольга кажа: гэтым займаліся зусім іншыя людзі.
Сам Назар не разумеў, што і як трэба рабіць — напрыклад, падразаў ягады, якія не трэба было падразаць. Часам выдаваў нешта зусім абсурднае — напрыклад, проста так схапіў кувалду і пачаў разносіць плот.
Тыповым запытам было зняць маленькае цяля ці козачку, а потым адразу дарослую жывёлу — Назар расказваў, быццам сам яе выгадаваў. Казаў, што ніхто ўсё адно не адрозніць: «Часам ён знаходзіў старыя відэа, здымаў выпадковых жывёл і казаў, што з маленькіх выгадаваў вялікіх. Сам іх не адрозніваў…»
Бясспрэчна адно — славы пасля інтэрв’ю міністру чарговы Астап Бэндар атрымаў шмат. Назар выхваляецца ў сторыс, якія прагляды ў яго акаўнтах.
І адначасова працягвае шукаць варыянты манетызаваць сваю медыйнасць. Ужо пачаў шукаць людзей, якія па бартары гатовыя зрабіць яму рамонт.
Дарэчы, сёлета ў студзені Назар прадаваў доступ у свой тэлеграм-канал, казаў, грошы патраціць на стварэнне «не сваёй, а НАШАЙ кантактнай фермы». Маўляў, зможаце ў любы момант паціскаць козлікаў на ферме ці пагуляць па плантацыі. Абяцаў, што там будзе парк экзатычных дрэваў, якіх няма ў Беларусі.
Цяпер у Назара спыталі, дзе ж тая ферма. Ён адказаў, што насамрэч збіраў грошы на спецкантэнт, а не на ферму. А ферма калі-небудзь абавязкова будзе, праца працягваецца.