БЕЛ Ł РУС

Петэр Мадзьяр заявіў, што параіў бы Пуціну завяршыць вайну

14.04.2026 / 10:54

Nashaniva.com

Будучы прэм’ер Венгрыі заявіў, што гатовы адказаць на званок Пуціна, калі той сам выйдзе на сувязь, але першым тэлефанаваць у Крэмль не збіраецца.

Фота: Sean Gallup / Getty Images

На прэс-канферэнцыі Мадзьяр сказаў, што ў такой размове папрасіў бы Пуціна «нарэшце спыніць забойствы» і завяршыць вайну супраць Украіны. Пры гэтым ён адразу дадаў, што не верыць, што такая размова ўвогуле адбудзецца, а калі і адбудзецца, то, верагодна, будзе кароткай, піша Bild.

Па словах Мадзьяра, вайна супраць Украіны не мае сэнсу і для самой Расіі, бо ўжо прывяла да гібелі дзясяткаў тысяч расійскіх вайскоўцаў і зруйнавала жыцці многіх сем’яў. Ён таксама гаварыў пра разбураныя ўкраінскія гарады, забітых мірных жыхароў і гвалт.

Пры гэтым будучы кіраўнік урада даў зразумець, што Будапешт пры ім усё ж будзе імкнуцца да прагматычных адносін з Масквой, перадусім праз залежнасць Венгрыі ад расійскіх энергарэсурсаў і праект пашырэння АЭС у Пакшы.

Мадзьяр падкрэсліў, што новы ўрад збіраецца праверыць усе пагадненні з Расіяй: пры неабходнасці іх будуць пераглядаць, пераўзгадняць або ўвогуле скасоўваць.

Адначасова ён даў зразумець, што не збіраецца першым тэлефанаваць і Дональду Трампу, хоць лічыць ЗША важным партнёрам Венгрыі.

Замест гэтага Мадзьяр сказаў, што быў бы рады бачыць амерыканскае кіраўніцтва ў Будапешце на гадавіну венгерскага паўстання 1956 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула