БЕЛ Ł РУС

«Разбіліся непадалёк ад млына». Што кажуць мясцовыя пра дэльтаплан, які разбіўся ўчора

15.04.2026 / 08:43

Nashaniva.com

Днём 14 красавіка каля вёскі Азярца адбылося крушэнне мотадэльтаплана. У выніку здарэння загінулі два чалавекі. Мотадэльтаплан разбіўся побач з музеем у Строчыцах: апарат упаў непадалёк ад млына, у канцы ўзлётна-пасадачнай паласы. Журналісты Onliner пабывалі на гэтым месцы і пагаварылі з мясцовымі жыхарамі.

Падчас палёту 45‑гадовы пілот не справіўся з кіраваннем. На борце знаходзілася таксама 26‑гадовая пасажырка.

Відавочцы паведамілі, што пасля набору вышыні мотадэльтаплан пачаў рэзка зніжацца і ўпаў на зямлю. Ад атрыманых траўмаў мужчына і дзяўчына памерлі на месцы.

На месцы здарэння працавалі следчыя і судмедэксперты. Дакладныя абставіны і прычыны крушэння высвятляюцца.

«Усё, што кажуць у сацсетках, няпраўда»

Пазней стала вядома, што загінулы пілот — інструктар аэраклуба «Авія-Менск» Руслан Іваноў. Гэта пацвердзіў у сацсетках блізкі сябар мужчыны, шоумен Сяргей Лапкоўскі — у мінулым яны разам гралі ў гурце «Цвет Алоэ».

— Я ведаў Руслана 24 гады. Ён быў дасведчаным пілотам. Паводле інфармацыі ад яго брата, пры ўзлёце дэльтаплан трапіў у няправільны паветраны паток, заламала крыло, і яны ўпалі.

Руслан быў прышпілены, а ўсё, што кажуць у сацсетках, — гэта няпраўда (некаторыя карыстальнікі TikTok і Threads пісалі, што пілот нібыта выпаў з лятальнага апарата на ўзлёце, а дзяўчына засталася адна).

Гэта выпадковасць, якая адбылася з-за прыродных абставін, ад якіх ніхто не застрахаваны. Я лятаў з Русланам, напэўна, чатыры разы і цалкам давяраў яму сваё жыццё, — сказаў Сяргей Лапкоўскі

Летам 2025 года журналісты таксама лёталі з Русланам у тым самым месцы, каля Азярца.

— Гэта адзінае месца ў Мінску, дзе можна палятаць на мотадэльтаплане ці гіраплане. У чым розніца? Гіраплан — гэта такі невялікі закрыты верталёт. А мотадэльтаплан — гэта больш пра эмоцыі. Ён цалкам адкрыты: вецер у твар, неба вакол. Мы жартуем між сабой, што самалёт возіць цела, а мотадэльтаплан — душу, — расказваў пілот.

«Яны часта лёталі тут»

Мотадэльтаплан Руслана Іванова ўпаў недалёка ад млына музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, на тэрыторыі якога знаходзіцца аэраклуб. Месца крушэння добра праглядаецца з боку вёскі Воўкавічы. Па словах мясцовых жыхароў, палёты на аэрадроме пачаліся з прыходам цяпла.

— Яны часта лёталі тут, і ў мінулыя выхадныя, на Вялікдзень, таксама, — расказаў мясцовы жыхар журналісту. — Сёння, напрыклад, не бачыў, каб хто-небудзь быў у небе.

Пара, дом якой размешчаны на краі вёскі, адзначае, што ў апошнія дні ў небе часта можна было бачыць дэльтапланы.

— Самі мы не лёталі ніколі, і жадання асабліва не было. Чулі, што пілот нібыта выпаў з кабіны, а дзяўчына засталася ў дэльтаплане адна. Цяпер, напэўна, пасля такога наогул гэтыя палёты забароняць, — паўтараюць мясцовыя інфармацыю, якая зараз распаўсюджваецца ў сацсетках.

Месца крушэння асветлена пражэктарамі і фарамі ад машын. Зараз туды старонніх не прапускаюць: на ўваходзе ў музей стаіць ахова. Па словах ахоўніка, крушэнне адбылося каля 15 гадзін.

— Там зараз усе з'ехаліся, праход забаронены. Такое гора ў людзей… — сказаў ён.

Кім была загінулая дзяўчына, пакуль невядома. Раней Руслан расказваў, што большая частка яго пасажыраў — людзі, якім падарылі сертыфікат на палёт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула