БЕЛ Ł РУС

«Можаце называць мяне «мой капітан»». Лідар гурта «Дай Дарогу!» Юрый Стыльскі адвучыўся на яхтсмена

15.04.2026 / 15:48

Nashaniva.com

Музыка, лідар групы «Дай Дарогу!» Юрый Стыльскі атрымаў пасведчанне Міжнароднай асацыяцыі паруснага спорту. Артыст сапраўды не выключае, што ў будучыні зможа выходзіць у мора як капітан разам з турыстычнымі групамі. 

«З гэтага часу вы можаце называць мяне «мой капітан!»», — пракаментаваў ён новую для сябе прафесію.

Шкіперская ліцэнзія ISSA Inshore Skipper з'яўляецца міжнароднай і дазваляе кіраваць ветразевай яхтай даўжынёй да 24 метраў, масай да 20 тон, днём і ноччу, з максімальным аддаленнем ад берага на 20 марскіх міль (37 км), а таксама з камандай да 12 чалавек. Акрамя таго, яна не мае тэрміну даўніны.

Юрый Стыльскі распавёў «Нашай Ніве», што для яго самога ўсё пачалося са звычайных турыстычных выхадаў у мора разам з беларускім клубам яхтсменаў Damora.

«У мяне набралася недзе чатыры выхады (прычым часам я мог падмяняць капітана). І ў нейкі момант я зразумеў, што мог бы і сам стаць капітанам. Паразмаўляў з DaMora, курс навучання цягнуўся каля 10 дзён і потым мне толькі заставалася чакаць адказ ад Міжнароднай асацыяцыі паруснага спорту».

Юрый прызнаецца, што цяжэй за ўсё яму давалася паркоўка яхты.

«Асабліва, калі падымаецца вецер і вялікія хвалі, а вакол стаяць катамараны па мільёну еўра».

Гарантыяй таго, што навічок сапраўды засвоіў курс «на выдатна», з’яўляецца імя і прозвішча інструктара, пазначанага на пасведчанні — ён як бы ручаецца за свайго вучня.

Што тычыцца цэн, музыка раіць запытваць іх персанальна ў яхтсменаў «Дамора» (навучанне на шкіпера на Балтыцы на дадзены момант каштуе амаль $1450).

«Шмат залежыць ад таго месца, дзе вы будзеце вучыцца. Я, напрыклад, праходзіў курс на Тэнэрыфэ».

Пакуль Юрый будзе напрацоўваць практыку ў ролі капітана. У будучыні ж артыст марыць сабраць уласную каманду і прапаноўваць свае паслугі правадніка ў свет на адкрытай вадзе.

«Проста ўзяць яхту ў арэнду і адправіцца куды-небудзь там з групай жадаючых па Нарвегіі, па ф’ёрдах (на якіх я, дарэчы, ужо быў, але не ў ролі капітана). Мы так з клубам каталіся па Канарскіх выспах, усе аб’ездзілі. 1500 еўра, калі я не памыляюся, агулам выходзіць за 10‑дзённы заплыў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула