«Я называю іх «маленькія Рабавы». Як паўліны пад Мінскам прадказваюць надвор'е
Крык паўліна чуваць далёка за межамі вёскі Кайкова. Суседзі часам палохаюцца, а ўладальніца птушак Надзея Шчамялёва ведае: будзе бура або дождж.
Жанчына страціла мужа і, каб заглушыць боль, акружыла сябе жыўнасцю. А калі сын падарыў ёй трох паўднёвых птушак, жыццё ператварылася ў сапраўдную прыгоду з вячэрняй лоўляй уцекачоў, паведамляе «Прысталічча».
10 гадоў таму Надзея Шчамялёва пераехала ў Кайкова. Тут яны з мужам гадавалі дзяцей, ладзілі побыт. Жыццё ішло сваім парадкам. Але здарылася бяда: мужа не стала. Каб справіцца з болем і адцягнуцца ад горкіх думак, жанчына пачала працаваць на зямлі, завяла гаспадарку. Спачатку з’явіліся куры і трусы, потым парасяты. А мінулым летам старэйшы сын Арцём зрабіў маме незвычайны падарунак.
Надзея даўно заглядалася на паўлінаў, Арцём гэта ведаў і вырашыў здзейсніць маміну мару. Разам яны з’ездзілі ў Дзяржынскі раён і прывезлі адразу трох васьмімесячных паўлінаў: самку па мянушцы Пава і двух самцоў.
Пава
— Мы забралі іх ужо дарослымі птушанятамі. Два тыдні яны сядзелі на каранціне ў хляве: прывыкалі, адаптаваліся. За гэты час абсталявалі ім вулічны вальер. Потым паступова сталі выпускаць на свежае паветра. Праўда, бывалі выпадкі, што загуляюцца да цемры — і тады мучышся, пакуль загоніш назад, — распавядае Надзея.
Паўліны — птушкі паўднёвыя. Першы зімовы сезон стаў для іх і гаспадыні сапраўдным выпрабаваннем. У хляве жанчына зрабіла тоўстую сухую падсцілку, каб лапы птушак не мерзлі, а Арцём змайстраваў драўляныя жэрдкі.
Птушыныя інтраверты, якіх чуе ўся вёска
Нягледзячы на тое, што паўліны ў Надзеі жывуць ужо даволі доўга, ручнымі іх не назавеш. Пакуль яны яшчэ не прывыклі да Шчамялёвых.
— Калі гадуеш птушаня з малых гадоў, яно цягнецца да чалавека. А дарослыя птушкі адстароненыя. Як толькі я заходжу на іх тэрыторыю, яны пачынаюць нервавацца: мітусяцца, «тукаюць» — перагаворваюцца паміж сабой. З з’яўленнем хвастатых прыгажуноў цішыня ў Кайкове скончылася. Крык паўліна — гэта не кудахтанне, гэта сігнал трывогі, які чуваць далёка за межамі ўчастка.
— Я называю іх «маленькія Рабавы». Яны крычаць, папярэджваючы пра непагадзь! Перад бурай або дажджом пачынаюцца гэтыя выцці. І ніколі не памыляюцца. Крычаць нядоўга, менш за хвіліну, але гук такі магутны, што суседзі палохаюцца. А вясной пачынаюцца шлюбныя песні — там увогуле гукі яшчэ мацнейшыя…
Сям’я корміць птушак гароднінай і зернем (кукуруза, ячмень). У дзень ідзе каля 100 грамаў капусты, пара памідораў і 2—3 агуркі. Часам Надзея дае ім вараныя яйкі і курынае мяса.
Калі гаспадыня заходзіць з ежай, паўліны ладзяць сапраўдны спектакль: распускаюць хвасты і танцуюць, рытмічна рухаючы галавой амаль да зямлі.
Даглядаць усю жыўнасць няпроста. Толькі раніцай у гаспадыні сыходзіць каля трох гадзін на агляд гадаванцаў і іх кармленне. Калі дзеці дома, атрымліваецца ўкласціся ў паўтары гадзіны. Але часцей Надзея працуе адна, ранняй раніцай.
— Прадаць паўлінаў — пра такое нават не думаю. Я іх вельмі люблю, як і ўсю жыўнасць. Даглядаць цяжка, але я спецыяльна шукаю больш нагрузкі. Калі галава занятая кармленнем, лячэннем і прыборкай, няма часу пракручваць дрэнныя думкі. Гэта ратуе.