БЕЛ Ł РУС

Z-блогер «Ваявода вяшчае» са 170 тысячамі падпісчыкаў паабяцаў скончыць жыццё самагубствам. Але, здаецца, выжыў

16.04.2026 / 07:36

Nashaniva.com

абноўлена

Мала таго, што ў расійскім войску суцэльная ганьба, дык яшчэ і жонка здраджвала блогеру, пакуль ён быў на фронце.

Лётчык баявога верталёта Ка-52, старшы лейтэнант Аляксей Зямцоў (пазыўны «Ваявода») і аўтар Z-канала «Ваявода вяшчае» (больш за 160 000 падпісчыкаў) скончыў жыццё самагубствам з-за ціску намесніка галоўкама ВКС, генерал-лейтэнанта Уладзіміра Краўчанкі, якому не падабаўся тэлеграм-канал «Ваяводы». Таксама лётчык у сваім самагубстве абвінаваціў камандзіра часткі Аўраменку і ваеннага следчага Кантэмірава, паведамляе тэлеграм-канал «Astra».

Да 2023 года Зямцоў быў адміністратарам канала «Павернутыя на вайне», але ў верасні аддзяліўся і завёў свой канал. З-за крытычных публікацый Зямцова адхілілі ад палётаў.

Акрамя таго, Краўчанку не спадабаўся пост у «Павернутых на вайне» аб тым, што лётчыкаў-знішчальнікаў Су-34 прымушалі займацца страявой падрыхтоўкай пасля баявых вылетаў. За гэтую публікацыю Краўчанка прапанаваў Зямцову адправіцца ў шпіталь і такім чынам звольніцца, але затым «Ваяводзе» даравалі. Зямцоў адзначыў, што Краўчанка рэгулярна адпраўляў лётчыкаў у шпіталі і такім чынам звальняў са службы.

Увосень 2025 года Зямцоў пасля камандзіроўкі даведаўся, што яму здраджвае жонка, злавіў яе палюбоўніка, вывез у лес і даў яму «пі*лей, але не жорстка».

За гэта яго адправілі ў СІЗА на 4,5 месяца, абвінаваціўшы ў пагрозе забойствам, псаванні маёмасці і вымагальніцтве ў асабліва буйным памеры, бо палюбоўнікам быў памочнік Зямцова, які атрымліваў ад яго зарплату.

Вясною 2026 года Зямцова па хадайніцтве камандзіра воінскай часткі, палкоўніка Аўраменкі выцягнулі з СІЗА, адправіўшы лётчыка як зэка ў штурмавое падраздзяленне.

4 красавіка 2026 года Зямцоў паказаў у сваім канале няякасную каску аднаго з вайскоўцаў мотастралковага падраздзялення, папрасіўшы падпісчыкаў «не смяяцца». На наступны дзень на яго націснулі і «Ваяводзе» прыйшлося публікаваць па просьбе «абвяржэнне» з дэманстрацыяй якаснай экіпіроўкі салдат.

Зямцова вярнулі ў авіяцыю пад кіраўніцтвам палкоўніка Аўраменкі, але на апошняга націснула начальства, прыгразіўшы справай аб «перавышэнні паўнамоцтваў», бо Аўраменка нібыта адправіў лётчыка Зямцова ваяваць у пяхоту. Таму палкоўнік Аўраменка спалохаўся і вырашыў адправіць Зямцова ў СІЗА, абвінаваціўшы ў «дыскрэдытацыі арміі РФ». Зямцоў сцвярджаў, што Аўраменка гэта рабіў па ўказцы Краўчанкі, на якога Зямцоў меў кампрамат.

Таксама Зямцоў звярнуўся да кіраўніка Следчага камітэта РФ Аляксандра Бастрыкіна з просьбай разабрацца з растоўскім ваенна-следчым упраўленнем, а менавіта са старшым лейтэнантам Кантэміравым, які падманам выбіваў паказанні з Зямцова.

«Я не справіўся з ціскам Краўчанкі, Аўраменкі і Кантэмірава», — сказаў «Ваявода», спадзеючыся на справядлівае пакаранне гэтых ваеннаслужачых.

У сваім звароце «Ваявода» адзначыў, што яго канал — гэта адзінае, што ён нажыў у жыцці, таму просіць перадаць адміністраванне Z-блогеру Кірылу Фёдараву. Таксама Зямцоў перад смерцю падзякаваў камандзіру чачэнскага спецназа «Ахмат» Апці Алаўдзінаву.

«Жыць з ганьбай, з «дыскрэдытацыяй» расійскай арміі я не збіраюся», — заявіў блогер Аляксей Зямцоў у перадсмяротным звароце.

Зрэшты, у выніку высветлілася, што ён нібыта жывы. Маўляў, яго выратавалі ў апошні момант блізкія.

Чытайце таксама:

Z-блогер пахваліўся, што ў Бярдзянску «адправіў на падвал» дзяўчыну за тое, што яна гаварыла з ім па-ўкраінску

Каментары да артыкула