БЕЛ Ł РУС

Трамп анансаваў першыя за 34 гады перамовы Ізраіля і Лівана

16.04.2026 / 07:45

Nashaniva.com

Спыненне агню паміж Ізраілем і ліванскай групоўкай «Хезбала» можа быць абвешчана «ў найбліжэйшы час».

Фота: Anna Moneymaker / Getty Images

Прэзідэнт ЗША заявіў, што лідары Ізраіля і Лівана правядуць перамовы сёння ў чацвер.

«Спрабуем стварыць невялікую перадышку паміж Ізраілем і Ліванам. Прайшло ўжо шмат часу з таго моманту, як лідары дзвюх краін размаўлялі, каля 34 гадоў. Гэта адбудзецца заўтра [сёння — НН]. Выдатна!» — напісаў Трамп у Truth Social.

На мінулым тыдні прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху паведаміў, што даручыў ураду як мага хутчэй пачаць прамыя перамовы з Ліванам.

NBC News і CNN паведамлялі, што перад гэтым амерыканскі лідар у тэлефоннай размове папрасіў прэм’ера скараціць удары па Ліване, каб прадухіліць зрыў крохкага перамір’я з Іранам.

Іран сцвярджаў, што спыненне ўдараў па Ліване было часткай дамоўленасці аб двухтыднёвым перамір’і. ЗША і Ізраіль гэта адмаўлялі.

Паводле інфармацыі Financial Times, спыненне агню паміж Ізраілем і ліванскай групоўкай «Хезбала» можа быць абвешчана «ў найбліжэйшы час». Ліванскія суразмоўцы газеты не выключалі, што гэта адбудзецца ўжо «на гэтым тыдні» — хутчэй за ўсё, пасля таго як ізраільская армія возьме пад кантроль горад Бінт-Джбейль — «буйны аплот» групоўкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула