БЕЛ Ł РУС

Беларус уключаны ў сімвалічную зборную найлепшых навічкоў Амерыканскай хакейнай лігі

16.04.2026 / 09:16

Nashaniva.com

Ілля Протас стаў найлепшым у камандзе па галах, балах, галах у большасці (10) і паказчыку «плюс/мінус» (+16).

Ілля Протас. Фота: facebook.com/TheHersheyBears

Беларускі форвард «Хершы Беарс» Ілля Протас уключаны ў сімвалічную зборную найлепшых навічкоў Амерыканскай хакейнай лігі сезона 2025/2026 (другая па значнасці хакейная ліга ў Паўночнай Амерыцы пасля НХЛ), паведамляе «Беларускі хакей».

19‑гадовы Ілля, выбраны «Вашынгтон Кэпіталз» у трэцім раўндзе драфта НХЛ 2024 года, лідзіруе сярод навічкоў АХЛ і займае восьмае месца ў агульным заліку па выніковасці, набраўшы 62 балы (28 галоў, 34 галявыя перадачы) у 66 матчах за «Хершы». Ён стаў найлепшым у камандзе па галах, балах, галах у большасці (10) і паказчыку «плюс/мінус» (+16).

4 красавіка ў матчы супраць «Хартфарда» ён аддаў пяць галявых перадач і набраў шэсць балаў. 8 красавіка Протас дэбютаваў у НХЛ у складзе «Кэпіталз» і за чатыры гульні закінуў адну шайбу і аддаў тры галявыя перадачы.

Кожны гулец атрымае крыштальную ўзнагароду з індывідуальным дызайнам у знак прызнання яго ўключэння ў сімвалічную зборную навічкоў АХЛ сезона 2025—2026.

Пасля чатырох матчаў у «Вашынгтоне» Ілля вярнуўся ў «Хершы» дагуляць рэгулярны чэмпіянат, а потым зноў паўдзельнічаць у плэй-оф (Кубак Колдэра).

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула