БЕЛ Ł РУС

Атракцыёны ў Мінску падаражэюць

16.04.2026 / 13:25

Nashaniva.com

Старт сезона атракцыёнаў у сталіцы запланаваны на 24 красавіка.

Фота: Мінск-навіны

Да гэтага часу ў чатырох парках — імя Горкага, Чалюскінцаў, Уга Чавеса і 900‑годдзя Мінска — падрыхтуюць каля 60 атракцыёнаў. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер «Мінскзялёнбуду» Руслан Касевіч, пішуць Мінск-навіны.

Квіткі на атракцыёны ў цэнтральных парках Мінска падаражэюць прыкладна на 15 %.

— Апошнія гады мы стараліся не змяняць цэны, але ў гэтым годзе падаражанне складзе каля 15 % у сувязі з тым, што тэхнічнае абслугоўванне, расходныя матэрыялы і запасныя часткі істотна падаражэлі, — растлумачыў Р. Касевіч.

Усе атракцыёны прайшлі працэдуру раскансервацыі пасля зімовага захоўвання і міжсезоннае тэхнічнае абслугоўванне. Зараз на завяршальнай стадыі — штогадовае тэхнічнае асведчанне.

Асаблівую ўвагу галоўны інжынер звярнуў на гульнявыя комплексы, дзе няма аператыўных дзяжурных.

— Тут уся адказнасць ляжыць на бацьках, якія павінны кантраляваць, чым займаецца іх дзіця. Перад тым як зайсці на такі комплекс, неабходна азнаёміцца з правіламі карыстання. У кожнага аб’екта ёсць інфармацыйны стэнд, — дадаў Р. Касевіч.

Рэжым работы паркаў застаецца ранейшым.

У парках імя Горкага, Чалюскінцаў і Уга Чавеса выходныя ў панядзелак і аўторак, у парку 900‑годдзя Мінска ёсць яшчэ адзін дадатковы — серада.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула