БЕЛ Ł РУС

У Польшчы затрымалі групу інтэрнэт-махляроў. Сярод іх — грамадзянін Беларусі

16.04.2026 / 14:08

Nashaniva.com

Усяго арыштавалі сем чалавек.

Фота: польская паліцыя 

Усе яны арыштаваныя на тры месяцы, паведаміла Цэнтральнае бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю. Справу курыруе акруговая пракуратура ў Замосці, піша Most.

Паводле даных следства, удзельнікі групы выдавалі сябе за супрацоўнікаў банкаў і паліцыі, каб выманьваць у ахвяр коды для хуткіх плацяжоў, у тым ліку BLIK. Агульная шкода па справе складае больш за 232 тысячы злотых (50 тысяч еўра).

Падазраваныя выконвалі розныя ролі: адны адкрывалі банкаўскія рахункі, іншыя здымалі наяўныя ў банкаматах, трэція займаліся абслугоўваннем банкаўскіх прыкладанняў. На гэты момант устаноўлена пяць пацярпелых.

Адной з ахвяр стала жыхарка Люблінскага ваяводства, якая страціла каля 5000 еўра. Ашуканцы звязаліся з ёй, прадставіўшыся супрацоўнікам банка, і такім чынам атрымалі код BLIK.

Каб павысіць давер, зламыснікі выкарыстоўвалі нумары тэлефонаў, зарэгістраваныя на падстаўных асоб, падробленыя дакументы і фальшывыя паліцэйскія пасведчанні. Яны таксама карысталіся мэсэнджарамі і нават здзяйснялі відэазванкі.

Як устанавіла следства, злачынцы выкарыстоўвалі спецыяльна падрыхтаваныя тэлефоны з банкаўскімі праграмамі, што дазваляла ім хутка перакладаць грошы на іншыя рахункі. Для вываду сродкаў яны прыцягвалі так званых «фінансавых мулаў», якіх знаходзілі праз аб’явы аб працы ў інтэрнэце. Гэтыя людзі давалі свае рахункі, часта не ўсведамляючы наступстваў.

Пацярпелыя, лічачы, што абараняюць свае зберажэнні, перакладалі грошы на ўказаныя рахункі. Пасля гэтага сродкі адразу здымаліся ў банкаматах так званымі «абнальшчыкамі», якія пакідалі сабе частку сумы ў якасці ўзнагароды.

Затрыманні прайшлі падчас двух аперацый у Варшаве і Катавіцах. Паводле версіі следства, падазраваныя адказвалі за пошук банкаўскіх рахункаў, зняцце грошай і тэхнічнае забеспячэнне схемы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула