БЕЛ Ł РУС

У стаўбцоўскім шматпавярховіку ўжо тры гады не могуць вырашыць праблему з іржавай вадой

16.04.2026 / 17:07

Nashaniva.com

Жыхары дома на вуліцы Міру, 3 у Стоўбцах, які пабудавалі ў 2012 годзе, кажуць, што раней вада з крана была чыстая і прыдатная для піцця. Але каля трох гадоў таму, калі побач пачалі будаваць новы мікрараён, сітуацыя змянілася: з кранаў пачала ісці ржавая вада з пяском, піша «Мінская праўда».

Здымак ілюстрацыйны

Старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва разам з адной з жыхарак падчас прыёму грамадзян у старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі расказала, што праблема, колькі не скардзіліся і не падымалі пытанне, застаецца нязменнай.

Па словах жыхароў, ім даводзіцца рэгулярна мяняць фільтры, а таксама ад гэтай сітуацыі цярпіць бытавая тэхніка — напрыклад, пральныя машыны ржавеюць знутры, а бялізна кепска адмываецца. Пры гэтым якасць вады нестабільная: сёння яна можа быць брудная, а заўтра — чыстая.

Улады адзначаюць, што па выніках аналізаў вада ў гэтым раёне сапраўды мае перавышэнне ўтрымання жалеза і не адпавядае ідэальным нормам. Раней пры падрыхтоўцы да абласнога свята ў горадзе ўжо абнаўлялі частку сетак, але некаторыя ўчасткі засталіся старымі. Цяпер рыхтуецца праект па замене яшчэ аднаго адрэзка водаправоду.

Чыноўнікі заяўляюць, што сістэму прамывалі і бралі новыя пробы вады, аднак кароткачасовыя пагаршэнні якасці ўсё адно магчымыя.

Кіраўніцтва вобласці падкрэслівае, што праблему трэба канчаткова вырашыць і, калі спатрэбіцца, правесці поўную замену сетак водазабеспячэння.

Чытайце таксама:

У Віцебску ўзаконяць і ўпарадкуюць сцежкі, пратаптаныя ў дварах самімі людзьмі

У Мінску літаральна за палову дня здалі ў арэнду кватэру без аздаблення. Але людзі абураюцца

ЖКГ Міншчыны пераходзіць на ўзмоцнены рэжым з 18 да 21 красавіка

Каментары да артыкула