БЕЛ Ł РУС

Гісторык расказала, якімі пытаннямі можна «выклікаць успаміны»

16.04.2026 / 18:32

Nashaniva.com

Адна з маіх любімых тэм — пытанні, якія можна задаваць родным. А калі ўжо не ўдаецца задаць ім — то суседзям, аднакласнікам, сябрам сваіх родных. А калі не ім — то сабе. Вы самі сабе (і ваша сям’я) падзякуеце за адказы. Думаю, што пра многае з гэтага вы раней не думалі, піша ў фэйсбуку гісторык Паўліна Скурко.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Так цяжка прыняць хуткаплыннасць часу і канечнасць жыцця. Так не хочацца, каб усё гэта канчалася. Я ўжо пасля ўнівера зразумела, чаму палюбіла гісторыю: вывучэнне людзей мінулага дае адчуванне бясконцасці і бессмяротнасці, уваскрашэння. Акрамя ілюзіі ўваскрашэння, у гісторыі няма ніякай практычнай карысці. Але ёсць экзістэнцыйная радасць.

Цяпер глыбей іду ў тэорыю сямейнай спадчыны, і чым глыбей, тым больш бачу, як нічога не знікае ў родзе: ні таленты і ўменні, ні боль і досвед, нават які хацеў бы схаваць.

Гэтым бадзёрым уступам я падводжу да наступнага: назапасіла многа цікавостак пра вывучэнне сямейнай спадчыны і буду імі дзяліцца — трохі пісаць і трохі расказваць у відэа.

Адна з маіх любімых тэм — пытанні, якія можна задаваць родным. А калі ўжо не ўдаецца задаць ім — то суседзям, аднакласнікам, сябрам сваіх родных. А калі не ім — то сабе. Вы самі сабе (і ваша сям’я) падзякуеце за адказы. Думаю, што пра многае з гэтага вы раней не думалі.

Пытанні заснаваныя на кніжцы амерыканскай прафесаркі вуснай гісторыі Элізабэт Кіцінг.

1. Пра дом. Якая частка дома, які куток быў вашым любімым? Што вы бачылі з акна? што чулі, калі прачыналіся раніцай? Ці быў дома гадзіннік? Як ён выглядаў, дзе стаяў/вісеў, ці меў гук?Гэтыя пытанні пагружаюць у прастору дзяцінства, у якой мы пачуваемся ўпэўнена і ўтульна, і лягчэй успамінаем дэталі.

2. Пра бацькоў. Як вы і вашы бацькі віталіся адно з адным раніцай? З кім сябравала мама, з кім сябраваў тата і ці падабаліся вам іх сябры? Ці дазвалялася ў вашай сям’і злавацца і сварыцца? Ці помніце свае дні нараджэння? а бацькоў? Які самы запамінальны падарунак вы дарылі і які атрымлівалі самі? Як вы думаеце, у чым вы пераймаеце сваіх бацькоў, чым падобныя да іх?

І тут жа заадно: хто быў вашым любімым сваяком, і што ў ім было асаблівага?

3. Пра памяць. Які самы моцны ўспамін з вашага дзяцінства? Які ваш самы ранні ўспамін? Якая ежа выклікае ў вас дзіцячыя ўспаміны? Якая ваша любімая сямейная гісторыя? Што вам расказалі вашы бацькі або бабуля з дзядулем, што засталося з вамі назаўжды?

Чытала ў псіхолагаў, што ў першым дзіцячым успаміне часта ключ да галоўнай унутранай праблемы нас дарослых.

4. Пра балючае. Чаго вы больш за ўсё баяліся ў дзяцінстве? Ці можаце ўспомніць страшную гісторыю з дзяцінства? Як вы спраўляліся са сваімі страхамі? Калі вы ўпершыню сустрэліся са смерцю?

З-за чаго вас дражнілі ў дзяцінстве? Якія ўспамінаюцца выпадкі, калі вы злаваліся, бо хтосьці не звяртаў на вас увагі; калі нешта вельмі абразіла ці пакрыўдзіла?

І ў гэтым жа блоку: Раскажыце пра сваё першае і пра найгоршае спатканне.

5. Пра саміх сябе. У якіх сітуацыях, абставінах вы адчувалі сябе найбольш незалежнымі ў дзяцінстве?

Можаце ўспомніць якую-небудзь запамінальную сустрэчу са старэйшым чалавекам? Якія падзеі сталення былі важнымі для вас? (Пытанне пра абрад ініцыяцыі, пераход у свет дарослых — тут і першая праца або першы заробак, і забой свінні, і першы алкаголь — што заўгодна)

Ці былі ў вас спрэчкі з бацькамі наконт адзення, прычоскі або фігуры? Помніце нейкі прадмет адзення, які вам вельмі падабаўся?

І маё любімае, на якое першы адказ заўсёды: «Не помню я такога», а далей — нейкі неймавернай цікавасці аповед.

Пытанне: Ці можаце вы ўспомніць момант, калі ўпершыню ўсвядомілі, хто вы, падумалі: «Дык вось хто я!»?

Чытайце таксама:

Як адшукаць продкаў і скласці свой радавод?

Як скласці радавод сваёй сям’і? Пакрокавая інструкцыя

«Продкі вадзілі сяброўства са Скірмунтам». Беларус склаў радавод, які ўжо налічвае 1900 чалавек — як у яго атрымалася?

Энігматычны пісьменнік з Палесся Андрусь Горват пераплавіў выпрабаванні 2020‑х у кнігу «Дом»

Каментары да артыкула