БЕЛ Ł РУС

Косткі, пер’е і вада ў фаршы. Беларусы скардзяцца на прадукцыю «Пятрухі»

16.04.2026 / 19:26

Nashaniva.com

За адну раніцу адразу два пакупнікі знайшлі косткі ў вяндліне «Пятруха». У сацсетках сцвярджаюць, што гэта не адзінкавыя выпадкі, піша BGmedia.

Скрыншоты з відэа: BGmedia

За апошні час у сацсетках з’явілася адразу некалькі скаргаў на прадукцыю пад брэндам «Пятруха». Прычым некаторыя з іх узніклі літаральна ў адзін і той жа дзень.

«Ледзь не зламаў зубы»

Адзін з пакупнікоў расказаў у Threads, што падчас сняданку знайшоў у вяндліне косці да аднаго сантыметра. Паводле яго слоў, сітуацыя магла скончыцца траўмай:

«Такія рэчы могуць нанесці шкоду здароўю. Сёння раніцай ледзь не зламаў зубы», — напісаў ён.

Практычна адначасова іншая пакупніца паведаміла пра падобную праблему: у вяндлінным балероне таго ж брэнда яна таксама знайшла косткі.

«Гэта не выпадковасць»

У каментарыях пад такімі публікацыямі іншыя беларусы сцвярджаюць, што падобныя знаходкі — не рэдкасць. Людзі пішуць пра пер’е, храсткі і нават староннія пахі:

Рэакцыя вытворцы

Пасля адной са скаргаў прадстаўнікі кампаніі адказалі пакупніку ў сацсетках. Яны паведамілі, што звязаліся з аўтарам праз асабістыя паведамленні, перадалі інфармацыю ў аддзел якасці, а таксама пачалі ўнутранае разбіральніцтва.

Аднак публічных высноў або тлумачэнняў адносна скаргаў спажыўцоў пакуль не было.

Адказ фірмы «Пятруха» ў Threads

Не толькі каўбаса: скаргі на фарш

Гэта не першыя пытанні да якасці прадукцыі «Пятрухі». Раней у TikTok набраў папулярнасць ролік, дзе беларуска крытыкавала курыны фарш таго ж брэнда. Паводле яе, у прадукце было занадта шмат вадкасці — да 150—180 грамаў:

«Я купляла фарш, а не ваду. Чаму павінна за гэта плаціць?» — абурылася жанчына.

Яна таксама падкрэсліла, што ўпакоўка была цэлая, а значыць праблема, на яе думку, звязаная менавіта з вытворчасцю.

Скрыншот з відэа ў TikTok

Брэнд «Пятруха» належыць кампаніі «Сервалюкс Агра», якая ўваходзіць у групу «Сервалюкс» — аднаго з буйных вытворцаў мяса птушкі ў Беларусі. Яе ўладальнік — вядомы бізнэсмен Яўген Баскін.

Чытайце таксама:

Сельскую гаспадарку Дубровенскага раёна даручылі ратаваць бізнэсмену Баскіну

Мільянер Баскін пайшоў аспрэчваць санкцыі. Магчыма, у яго атрымаецца

Абноўлена Рада па развіцці прадпрымальніцтва. З яе прапаў Тапузідзіс

Рассельгаснагляд мае прэтэнзіі да прадукцыі сямі беларускіх прадпрыемстваў

Каментары да артыкула