У архівах СБУ знайшліся дакументы, як савецкія спецслужбы завербавалі эмісара АУН, але ўкраінскае падполле гэта выкрыла і забіла здрадніка
Украіна адкрыла архівы савецкіх спецслужбаў. Гэта дазваляе пабачыць, якімі метадамі і з якім педантызмам чэкісты працавалі супраць падполля.
Яраслаў Мароз. Фота з архіўнай справы. Крыніца тут і далей: istpravda.com.ua
Чэкісты завербавалі высокапастаўленага эмісара украінскага падполля, вярнулі яго за мяжу і разлічвалі выкарыстаць для пранікнення ў кіраўніцтва арганізацыі. Але служба бяспекі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) раскрыла гульню, а самога агента ў выніку ліквідавала як здрадніка.
У архіўных фондах Службы замежнай разведкі Украіны захоўваецца шэраг спраў, якія паказваюць, як у розныя гады органы НКВД, МГБ і КГБ СССР спрабавалі пранікнуць у самыя закрытыя структуры ўкраінскай эміграцыі, у тым ліку ў службу бяспекі Замежных частак АУН. Даследчык Аляксандр Скрыпнік на старонках выдання «Історічна правда» знаёміць з адной з такіх гісторый — справай Яраслава Мароза.
Хто такі Яраслаў Мароз
Тэадор-Яраслаў Мароз нарадзіўся ў 1914 годзе ў Львове ў сям’і чыгуначніка. Пасля гімназіі паступіў на юрыдычны факультэт Львоўскага ўніверсітэта. Пазней перабраўся ў Прагу, скончыў універсітэт і атрымаў ступень доктара права.
Падпольная дзейнасць Мароза пачалася яшчэ ў 1936 годзе. Ён займаў важныя пасады ў аддзелах разведкі і прапаганды Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Падчас вайны Мароз выконваў далікатнае заданне: падтрымліваў штотыднёвыя кантакты з духоўным лідарам украінцаў — мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, інфармуючы яго аб дзейнасці АУН. Акрамя таго, па заданні ўкраінскага падполля ён працаваў у нямецкай крымінальнай паліцыі «КРІПО», каб вывучыць метады следства і агентурнай працы для будучай украінскай дзяржавы.
Мароз прайшоў праз нацысцкія турмы і канцлагер Дахау, а пасля вызвалення, у ліпені 1945 года, падчас сустрэчы са Сцяпанам Бандэрам у аўстрыйскім Інсбруку, на канспірацыйнай кватэры, атрымаў ад яго прапанову ўзначаліць арганізацыю на тэрыторыі занятай саветамі Чэхаславакіі.
Анкета агента Яраслава Мароза. Крыніца: Архіў СБУ
Засада ў Модрычах
У сакавіку 1946 года Яраслаў Мароз атрымаў ад Сцяпана Бандэры заданне — нелегальна перайсці чэхаславацка-польскую, а пасля і польска-савецкую межы, сустрэцца з Раманам Шухевічам — галоўнакамандуючым Украінскай паўстанцкай арміі і кіраўніком падполля на тэрыторыі савецкай Украіны — і перадаць яму новыя ўказанні адносна дзейнасці АУН, а таксама стратэгіі і тактыкі далейшай барацьбы. Неўзабаве Марозу перадалі і канспірацыйныя пісьмы для Шухевіча.
Для суправаджэння Марозу вылучылі дасведчаную ахову. У групу ўвайшоў сябар службы бяспекі АУН «Воран» і некалькі праваднікоў, якія добра ведалі мясцовасць. Мяжу яны паспяхова перайшлі ў раёне Перамышля.
16 красавіка ён сустрэўся з сувязной Шухевіча Кацярынай Зарыцкай (псеўданім «Быстрая»), якая паведаміла, што камандуючы хварэе і прыняць яго не можа.
Вяртанне Мароза за мяжу нечакана адклалася праз няшчасны выпадак: 30 мая 1946 года ён выпадкова параніў сябе ў нагу з уласнай зброі. У гэты перыяд ён звязаўся з намеснікам Шухевіча «Камам» і атрымаў ад яго шыфраваную запіску («грыпс») з просьбай падрыхтаваць надзейны шлях для вываду за мяжу начальніка службы бяспекі АУН Міколы Арсеніча-Беразоўскага («Міхайла»).
Неўзабаве «Быстрая» прызначыла Марозу сустрэчу на 30 чэрвеня ў вёсцы Модрычы Драгобыцкага раёна, на якой ён павінен быў атрымаць пошту і вусныя ўказанні. На сустрэчу Мароз ішоў у суправаджэнні «Ворана» і чатырох паўстанцаў, якія забяспечвалі ахову і пераход мяжы.
Раніцай у вёсцы група трапіла ў засаду і ўступіла ў бой. Ахова прыкрывала эмісара да апошняга, разумеючы яго значэнне для падполля і каштоўнасць дакументаў пры ім. Але сілы былі няроўныя. Амаль усе загінулі.
Мароз таксама адстрэльваўся, атрымаў цяжкія раненні ў нагу і жывот і ў такім стане быў узяты жывым. Паводле архіўных дакументаў, супрацоўніку Драгобыцкага ўпраўлення Міністэрства дзяржбяспекі СССР (МГБ), які першым падбег да яго, ён заявіў, што ён прадстаўнік Цэнтральнага кіраўніцтва АУН, папрасіў захаваць яму жыццё і не раскрываць мясцоваму насельніцтву факт палону.
Чэкісты прынялі гэтыя ўмовы. Мароза вывезлі з вёскі разам з целамі забітых ахоўнікаў, каб стварылася ўражанне, што ён таксама мёртвы. Яго даставілі ва ўнутраную турму МГБ, дзе тэрмінова прааперавалі і аказалі медыцынскую дапамогу.
Вярбоўка нацыяналіста
На следстве Мароз даў паказанні, якія, паводле МГБ, перакрывалі ўсе наяўныя ў іх матэрыялы пра дзейнасць закардоннага цэнтра АУН і падполля на савецкай тэрыторыі. У жніўні 1946 года яго завербавалі. Для канспірацыі яму далі псеўданім «45», пазней заменены на «Зірчын» (па-ўкраінску гэта значыць «Зорчын»).
У архіўных матэрыялах захаваўся і псіхалагічны партрэт Мароза, на падставе якога чэкісты будавалі з ім працу. У характарыстыцы ён апісваўся як чалавек адукаваны, усебакова развіты і вынаходлівы, але самаўпэўнены, схільны да пахвальбы, які любіць грошы, прыгожыя рэчы і раскошнае жыццё. Асобна адзначалася, што сямейныя пачуцці ў яго развітыя слаба, але пры гэтым ён прывязаны да жонкі і дачкі.
Менавіта на гэтай прывязанасці і вырашылі гуляць. Праз некалькі дзён пасля вызвалення з турмы ў лістападзе 1946 года «Зорчыну» арганізавалі сустрэчу з жонкай і дачкой у Кіеве. Іх пасялілі ў гатэльным нумары «Інтурыста» з дакументамі на іншыя прозвішчы і далі магчымасць правесці разам амаль тры тыдні — натуральна, пад поўным кантролем аператыўнікаў.
Сярод знаёмых Марозаў у Львове распаўсюдзілі чуткі, што жонку і дачку арыштавалі і адправілі на пасяленне ў Казахстан. Для падтрымання легенды быў інсцэніраваны нават іх арышт: яго правялі так, каб суседзі сталі сведкамі гэтага. А насамрэч сям’ю перасялілі ў іншы горад СССР, пасялілі ў асобнай кватэры, а жонцы забаранілі каму-небудзь, у тым ліку і самому мужу, паведамляць пра месца жыхарства.
Паралельна з гэтым Мароза спецыяльна пафатаграфавалі ў кампаніі супрацоўнікаў МГБ УССР каля вядомых кіеўскіх помнікаў, на фоне галоўнага ўваходу ў будынак МГБ і нават у службовым кабінеце. Гэтыя фотаздымкі павінны былі застацца як кампрамат на выпадак, калі Мароз парушыць абяцанні.
Выпрацоўка легенды
Мароз павінен быў патлумачыць пабрацімам па падполлі сваю доўгую адсутнасць тым, што пасля бою ў Модрычах ён змог выжыць: нібыта выбух гранаты адкінуў яго ў жыта, пасля чаго ён дапоўз да аддаленага хутара, дзе яго прытуліў гаспадар і дзе яму нібыта зрабіў аперацыю доктар, прывезены гаспадаром, з Драгобыча. Для падтрымання гэтай легенды быў задзейнічаны агент-селянін і адмыслова завербаваны медык.
Аднак легенду вымушаныя былі змяніць, калі чэкісты захапілі матэрыялы, з якіх вынікала, што служба бяспекі АУН ужо сама правяла расследаванне па факце бою ў Модрычах. Падпольшчыкі ўжо былі сабраўшы паказанні мясцовых жыхароў і маглі выкрыць сфабрыкаваную гісторыю.
Таму легенду на хаду перапісалі. Паводле новай версіі, Мароз мусіў казаць, што яго ўзялі ў палон цяжка параненым і непрытомным, ён назваўся іншым чалавекам — «Круком», адным з ахоўнікаў эмісара АУН, а пасля, не маючы выйсця, пагадзіўся на супрацоўніцтва з МГБ, каб затым выкарыстаць гэты кантакт у інтарэсах падполля.
Спецслужбісты ўкладвалі ў галаву Мароза думку, што ў бліжэйшым атачэнні кіраўніцтва Замежных частак АУН ужо ёсць савецкая агентура. У прыватнасці, чэкісты намякалі на магчымую сувязь з МГБ «Быстрай» і кіраўніка службы бяспекі АУН Матвіейкі — відаць, спрабуючы дыскрэдытаваць іх на выпадак, калі Мароз, апынуўшыся за мяжою, адрачэцца супрацы.
У савецкай дзяржбяспекі быў далекасяжны план выкарыстаць Мароза для арганізацыі замаху на Сцяпана Бандэру. Але гэта пазней. А найпершай задачай Масква бачыла, каб Мароз адвёў ад сябе падазрэнні і замацаваўся ў кіраўніцтве разведкі Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення АУН, што адкрыла б чэкістам велізарныя магчымасці для кантролю над усёй агентурнай сеткай АУН.
Пра тое, наколькі сур’ёзныя спадзяванні ўскладаліся на «Зорчына», сведчыць, што з ім перад засылкай за мяжу сустракаўся асабіста міністр дзяржбяспекі Савецкай Украіны Сяргей Саўчанка. Той распытваў яго пра родных, пра легенду вяртання і пра асобных дзеячаў АУН. Пасля сустрэчы Мароз, як сцвярджалі дакументы, не хаваў задавальнення такой увагай і абяцаў апраўдаць давер.
Правал аперацыі
Перад вывадам за мяжу з агентам абмеркавалі сістэму сувязі. Яму перадалі адрасы паштовых скрынь у Празе і Браціславе для шыфраванага ліставання. Першы кантакт быў прызначаны ў Празе на 9 сакавіка 1947 года.
На тую сустрэчу «Зорчын» не прыйшоў. Праўда, перад гэтым у лісце паведамляў, што ўсё ідзе паводле плана: межы ён перайшоў, у Мюнхене сустрэўся са сваім куратарам і непасрэдным кіраўніком Матвіейкам, а пасля чакаў аўдыенцыі ў Бандэры. Пры гэтым адзначаў, што знаходзіцца пад падазрэннем, але спадзяецца вытрымаць праверку.
Нарэшце, 29 сакавіка сустрэча паміж агентам і супрацоўнікамі МДБ усё ж адбылася. На ёй Мароз расказаў, як Матвіейка адрэагаваў на гісторыю пра палон і вярбоўку. Паводле справаздачы МДБ, Матвіейка загадаў яму нікому пра гэта не казаць — маўляў, што апаненты выкарыстаюць гэтую гісторыю для кампраметацыі кіраўніцтва АУН. Таксама адзначалася, што Матвіейка пераслаў Бандэры матэрыялы праверкі і свае высновы пра магчымасць весці аператыўную гульню з МГБ.
Пасля гэтага Мароз атрымаў новыя даручэнні, выехаў у Чэхаславакію і павінен быў аднавіць ранейшыя сувязі. Сам ён, відаць, паверыў, што падазрэнні з яго будуць хутка знятыя і яго зноў паставяць на чале разведкі. На наступных сустрэчах з супрацоўнікамі МГБ у Празе і Браціславе ён нават прасіў арганізаваць яму паездку на Вялікдзень да сям’і ў СССР. Аднак гэтага яму не дазволілі.
А потым «Зорчын» зноў знік. У маі 1947 года ён не з’явіўся на чарговую сустрэчу, і лісты ад яго таксама перасталі прыходзіць. Толькі праз некалькі месяцаў, з перахопленай пошты і ад арыштаваных эмісараў АУН, чэкісты даведаліся, што Мароза затрымала служба бяспекі АУН.
Пазней высветлілася, што яго паездкі ў Прагу і Браціславу адбываліся пад назіраннем службы бяспекі АУН, якая адсачыла яго канспірацыйныя сустрэчы з савецкімі прадстаўнікамі, пра якія ён не даклаў кіраўніцтву падполля. Пасля гэтага ў службе бяспекі прыйшлі да высновы, што Мароз дзейнічае выключна па заданні МГБ.
Падчас допытаў таварышымі, як сведчаць рассакрэчаныя дакументы, Мароз ва ўсім прызнаўся. Ён расказаў пра сапраўдныя абставіны вярбоўкі, пра заданне ўзначаліць разведку АУН у інтарэсах МГБ, а таксама пра намер савецкіх спецслужбаў забіць Сцяпана Бандэру ды іншых лідараў эміграцыі.
Пазней савецкія спецслужбы атрымалі звесткі, што пасля прызнанняў Мароза пабрацімы вынеслі яму смяротны прысуд за здраду. Паводле гэтых жа паведамленняў, яго цела нават не пахавалі звычайным чынам — як знак пагарды.
Тады ж чэкісты атрымалі яшчэ адну цікавую інфармацыю: Раман Шухевіч не стаў асабіста сустракацца з Яраславам Марозам не таму, што хварэў. У блізкім асяроддзі ён адзначаў, што не давярае яму і не хоча мець з ім ніякіх спраў. Гэта Шухевіч загадаў адправіць Мароза назад і больш да яго не прысылаць. Ці галоўнакамандуючы УПА ведаў нешта больш, ці склаў уласны псіхалагічны партрэт і спрацавала інтуіцыя — невядома.
Гісторыя склалася так, што кіраўнік Службы бяспекі АУН Мірон Матвіейка, які раскрыў агента Мароза, сам з часам будзе завербаваны савецкай спецслужбай. Гэта здарыцца ў 1951 годзе, калі яго з групай з яшчэ пяці эмісараў з англійскага самалёта дэсантуюць у Карпатах — задума была аб'яднаць партызанскі рух і аднавіць яго сувязь з замежнымі цэнтрамі.
У верасні таго ж года з аналагічнай задумай у Налібоцкай пушчы дэсантавалася беларуская група Янкі Філістовіча.
Чытайце таксама: Кім Філбі: як савецкі суперагент пасылаў беларусаў на смерць і расколваў беларускую эміграцыю
Аднак савецкія спецслужбы ведалі пра гэтыя дэсанты ад свайго брытанскага агента Кіма Філбі. Матвіенка быў схоплены і для ўратавання жыцця пачаў весці задуманую савецкай спецслужбай аператыўную гульню «Метэор», мэта якой была імітацыя наяўнасці ва Украіне арганізаванага падполля для перахопу падтрымкі, якая ішла падпольшчыкам з Захаду. Гэтая гульня працягвалася да 1960 года, пасля чаго была згорнутая як больш немэтазгодная. Узамен за ўдзел у гульні Матвіейка атрымаў памілаванне і аднапакаёвую кватэру ў Кіеве.