Беларускіх бяспраўнікаў падзялілі на дзве катэгорыі. Штрафы для іх будуць розныя
Калі правы забралі ці іх ніколі і не было — адна справа. А калі проста скончылася пасведчанне, то можна абысціся меншым пакараннем.
Фота: Lookby.Media
Стала вядома пра новаўвядзенні, прадугледжаныя законам «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці». Дакумент, ужо падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, але пакуль афіцыйна не апублікаваны, уносіць змены ў тым ліку ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.
Пакуль што любы чалавек, якога злавілі за рулём і які не мае дзейнага пасведчання кіроўцы, атрымлівае штраф у памеры ад 5 да 20 базавых велічынь.
Калі яго злавілі паўторна на працягу года, то штраф застаецца такім самым, але можна замест яго трапіць на грамадскія працы ці атрымаць адміністратыўны арышт — да 15 сутак.
Цяпер кіроўцаў без правоў дзеляць на дзве катэгорыі.
Калі ў чалавека ніколі не было пасведчання кіроўцы ці ён быў пазбаўлены права кіравання, адказнасць застанецца ранейшай.
А вось калі кіроўца проста забыўся працягнуць пасведчанне, то пакаранне для яго змякчылі. Яму давядзецца заплаціць ад 2 да 5 базавых велічынь (ад 90 рублёў да 225 рублёў).
Калі ж яго аштрафавалі, а ён так і не аформіў новае пасведчанне, то ў наступны раз штраф будзе ў такім самым дыяпазоне.
Змены ўступяць у сілу праз два месяцы з дня афіцыйнага апублікавання.