У Вільні набіраюць дзяцей у нулявы клас беларускай гімназіі — палову ўжо знайшлі, але пільна трэба яшчэ пяцёра
Шмат хто з бацькоў проста не ведае пра такую магчымасць.
Беларуская гімназія ў Вільні, 1 верасня 2025 года. Фота: Наша Ніва
У адзінай у Літве беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні цяпер вырашаецца лёс нулявога класа на наступны навучальны год.
Пакуль у спісе ахвотных толькі пяць дзяцей. Каб клас адкрыўся, патрэбна мінімум дзесяцёра ва ўзросце 4‑6 гадоў. Калі групу не набяруць да канца красавіка, нулявы клас могуць проста не адкрыць.
Пра гэта ў бацькоўскіх чатах і сацсетках пішуць бацькі, дзеці якіх цяпер навучаюцца ў гімназіі. Яны спрабуюць дагрукацца да іншых беларускіх сем’яў — бо шмат хто проста не ведае, што такая магчымасць увогуле ёсць.
«Гэта звычайная дзяржаўная гімназія, але там цудоўная навучальная база і настаўнікі. Калектыў вельмі цёплы, дзецям там камфортна, яны ходзяць з задавальненнем. Мой сын за паўгода вывучыў беларускую мову, беларускія песні, гульні, танцы!
Таксама мы павінны адстаяць свае правы на навучанне на роднай мове. Магчыма, не ўсе бацькі ведаюць пра гэтую магчымасць», — кажа Анастасія, мама вучня беларускай гімназіі.
Адзіная такая школа
У Літве апошнія гады паслядоўна ўзмацняецца курс на навучанне па-літоўску: у школах нацыянальных меншасцяў павялічваюць колькасць урокаў дзяржаўнай мовы, а для дзяцей замежнікаў ужо прынята рашэнне, што з 2026 года пачатковая адукацыя будзе арганізоўвацца толькі на літоўскай мове. Згодна з новымі правіламі, замежныя дзеці (з пастаянным або часовым дазволам на жыхарства), якія раней не вучыліся ў Літве і прэтэндуюць на пачатковую адукацыю, змогуць выбіраць дзяржаўныя школы толькі з літоўскай мовай навучання.
Гімназія імя Скарыны стала выключэннем і застаецца фактычна адзіным месцам у Вільні, дзе дзіця можа з нулявога класа вучыцца на беларускай мове. Пры гэтым літоўскую мову дзеці таксама вывучаюць з самага пачатку, без выпадзення з мясцовай сістэмы адукацыі.
У бацькоў ёсць крыху больш за два тыдні, каб падаць заяву — да 30 красавіка.
А 22 красавіка ў гімназіі пройдзе дзень адкрытых дзвярэй, можна прыйсці, паглядзець, пазнаёміцца з настаўнікамі і задаць пытанні. Рэгістрацыя па спасылцы.
Віленская гімназія імя Францішка Скарыны, у якой займаюцца каля 400 вучняў, заснаваная ў 1994 годзе спачатку як школа, а ў 2013 годзе атрымала статус гімназіі.