БЕЛ Ł РУС

Расійскі ваенкар, які раней кіпеў шавінізмам, прызнаў, што ўсё паныла. «Праціўнік усё бачыць і загадзя хаваецца»

19.04.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Расійскі вайсковы лётчык і аўтар тэлеграм-канала Fighterbomber апублікаваў аналіз сітуацыі ў паветры, у якім прызнаў патавасць сітуацыі.

Фота: bomber_fighter / Telegram

Аўтар тэлеграм-канала Fighterbomber заяўляе, што на гэтым этапе вайны «бакі прыстасаваліся адзін да аднаго і нічым здзівіць адзін аднаго ў плане барацьбы за панаванне ў паветры любога віду пакуль не могуць».

Паводле яго слоў, у гэтым пытанні ў абодвух бакоў назіраецца відавочны застой, а колькасная перавага ў носьбітах дае толькі магчымасць ужываць больш сродкаў паражэння, але не змяняе сітуацыю якасна.

Асноўнай прычынай аўтар называе празрыстасць паветранай прасторы. Абапал фронту ўсцяж створаная шчыльная сістэма маніторынгу, якая працуе на сотні кіламетраў у глыбіню.

«Самалёт бачаць за сотню кіламетраў ад лініі баявога сутыкнення, вызначаюць яго тып і пачынаюць весці яго лакацыйна», — піша Fighterbomber. Гэта пазбаўляе авіяцыю галоўнага — эфекту нечаканасці. Пілоты ведаюць, што іх бачаць, і таму не рызыкуюць набліжацца да зон паражэння супрацьпаветранай абароны.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць бачыць не толькі самалёты, але і момант прымянення зброі.

Любы пуск ракеты ці скід кіраванай авіябомбы адлюстроўваецца на радарах праціўніка ў рэжыме рэальнага часу. У выніку «праціўнік загадзя (да 15 хвілін да прылётаў ў асобных выпадках) укрываецца ў бяспечным месцы або тупа пакідае свой аб'ект на час атакі», — канстатуе блогер.

Пры гэтым ён адзначае цынічную дэталь: хоць рэальная эфектыўнасць удараў падае, у афіцыйных справаздачах гэта не адлюстроўваецца. На паперы цэлі лічацца знішчанымі, што дазваляе камандаванню атрымліваць узнагароды і выплаты. Такім чынам, «усё ўсіх задавальняе».

Падзенне дакладнасці ўдараў і імітацыя баёў

Паветраныя баі, паводле ацэнкі блогера, выглядаюць яшчэ «сумнейшымі». Знішчальнікі страляюць ракетамі з велізарных адлегласцяў, не ўваходзячы ў зону паражэння СПА, а галоўнай мэтай такіх пускаў становіцца спроба «правакаваць СПА на расход ракет». Пры гэтым і самалёты, і сістэмы СПА (і Patriot, і С-400) адразу бачаць небяспеку і своечасова адыходзяць у бяспечнае месца.

Асобную занепакоенасць у аўтара выклікае праца сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, якія навучыліся эфектыўна падаўляць сістэмы навядзення. У якасці прыкладу ён прыводзіць расійскую статыстыку з аднаго з кірункаў: за тры месяцы з 727 скінутых фугасных авіябомбаў толькі 419 прыляцелі «прыкладна ў раён цэлі» — і тое прыкладна і ўмоўна. 

«Дакладнасць падае», — падкрэслівае Fighterbomber, адзначаючы, што РЭБ абодвух бакоў навучылася спраўляцца нават з сучаснымі сістэмамі абароны сігналу тыпу «Камета».

Аўтар канстатуе, што ўсе відавочныя спосабы зрабіць работу авіяцыі больш выніковай, не павялічваючы пры гэтым колькасць збітых самалётаў, ужо даўно вычарпаныя абодвума бакамі. Больш за тое, нават тыя тактыкі, што могуць выглядаць як «прарыўныя» або рэвалюцыйныя, не ёсць сакрэтам: іх логіка і наступствы добра зразумелыя і прадказальныя.

Гэта датычыць і спробаў змяніць характар баявых дзеянняў праз выкарыстанне дробных, мабільных груп — так званых баявых двоек, асобных браняваных машын або лёгкай тэхнікі, якая дазваляе праточвацца праз лінію фронту. Такія падыходы ўжо апрабаваныя, і іх патэнцыял таксама абмежаваны, бо праціўнік разумее іх прынцыпы і гатовы супрацьдзейнічаць.

Каб рэальна змяніць сітуацыю, піша расійскі ваенблогер, трэба пераходзіць да крайне небяспечных метадаў: палётаў на звышмалых вышынях дзеля мінімізацыі рызыкі ад супрацьпаветранай абароны, актыўнага выкарыстання знішчальнікаў для папярэдняй «расчысткі» паветранай прасторы перад ударамі, а таксама вяртання верталётаў і штурмавікоў да атак з пікіравання.

Аднак Fighterbomber падкрэслівае: такія крокі непазбежна прывядуць да шматразовага павелічэння страт у самалётах і пілотах. А Расія не гатовая так рызыкаваць сваёй авіяцыяй.

Завяршаючы свой аналіз, аўтар з горкай іроніяй падсумоўвае: на пералом Расіі спадзявацца не варта. «Працягваем працу, чакаем, спадзяёмся і верым. Іншапланетнікі не павінны нас падвесці», — жартуе блогер, які раней кіпеў шавінізмам. 

Чытайце таксама:

Украіна прапанавала Еўропе разам распрацоўваць альтэрнатыву Patriot

У ГУР заявілі, што Расія рыхтуе вяснова-летні наступ і хоча захапіць Данбас да верасня

Украінскія дроны і робаты здольныя браць расіян у палон без прысутнасці людзей

Каментары да артыкула