Палявод калгаса «Чырвоны баец» з магілёўскага Кіраўска перасеў з сеялкі на танк, а потым — на баявы мапед. І паехаў штурмаваць Запарожжа
Стала вядома пра яшчэ аднаго беларуса, які загінуў у расійскім мясным штурме. Гэта 51‑гадовы Мікалай Габрусь са Старцаў (Кіраўска). Спачатку ён быў танкавым механікам у батальёне, але калі праз месяц батальён стаў ротай, прыйшлося і Габрусю ісці ў штурм. Вынік без нечаканасцяў.
На запарожскім кірунку ўкраінскія ўзброеныя сілы знішчылі яшчэ аднаго беларускага джэнтльмена ўдачы, які замест размеранага жыцця на радзіме зрабіў стаўку на хуткія грошы ад Пуціна.
Гаворка пра ўраджэнца Старцаў (Кіраўска) Магілёўскай вобласці Мікалая Габруся.
Мікалай нарадзіўся ў 1974 годзе. Па інфармацыі з баз Belpol — не судзімы. З запісаных месцаў працы — пасада палявода ў гаспадарцы «Чырвоны баец» Кіраўскага раёна.
Яшчэ жывы Мікалай Габрусь выглядвае з расійскага танка. Фота: «Аднакласнікі»
Але нават без крымінальнага мінулага маральны компас Габруся аказаўся збіты, і ў 2025‑м годзе ён наняўся ваяваць на баку Расіі ў яе злачыннай вайне супраць Украіны.
Як чалавек з экспертным веданнем тэхнікі Габрусь трапіў у танкавы батальён 136 брыгады в/ч 64454 (з 2024 — «Апшэронская», стацыянарная дыслакацыя — Апшэронск, Дагестан).
Да свайго ад'езду на вайну ў сакавіку 2025‑га Габрусь застрахаваў у Расіі сваё жыццё, пазначыўшы адрасам пражывання Рыжскую шашу ў горадзе Валакаламску Маскоўскай вобласці.
Але доўга абслугоўваць танкі Габрусю не прыйшлося. З інфармацыі ад ягоных саслужыўцаў вядома, што цягам веснавой кампаніі танкавы батальён Габруся ўціснуўся да роты. Адпаведна, і яго — у маі 2025‑га — з механікаў перавялі ў штурмавікі. Выдалі матацыкл, аўтамат з аптычным прыцэлам і адправілі штурмаваць украінскія пазіцыі на Запарожжы.
Мікалай Габрусь за стырном сваёй апошняй тэхнікі. Фота: «Аднакласнікі»
Імаверна, «Наша Ніва» знайшла нават момант расстрэлу Габруся ўкраінскімі абаронцамі падчас яго першага і апошняга штурму, але мы не будзем далучаць відэа з этычных меркаванняў.
Габрусь стаў чарговым загінулым беларусам з пазыўным «Беларус».
Апошні апублікаваны ім кантэнт — відэа з абсталяванага акопа, у якім некалькі чалавек немаладога ўзросту ў добрым гуморы сядзяць за сталом і падбадзёрваюць адзін аднаго, выпіваючы мінералку.