БЕЛ Ł РУС

Беларус у Варшаве некалькі дзён пільнаваў злодзея, які скраў яго навушнікі. І ўрэшце вярнуў сваё — у касцёле

18.04.2026 / 14:03

Nashaniva.com

З дапамогай функцыі прайгравання гуку ён здолеў вызначыць патрэбны пад’езд і нават кватэру ў доме — навушнікі адгукаліся на яго сігнал.

Незвычайная гісторыя адбылася з беларусам Уладзімірам у Варшаве: ён некалькі дзён самастойна адсочваў чалавека, які завалодаў яго бесправаднымі навушнікамі, спрабаваў дамовіцца, выклікаў паліцыю — і ўрэшце атрымаў рэч назад у даволі нечаканым месцы.

Пра сваю гісторыю мужчына расказаў у сацсетках.

Паводле яго слоў, гаворка пра бесправадныя навушнікі Pixel Buds Pro 2. Калі Уладзімір зразумеў, што яны зніклі, скарыстаўся функцыяй адсочвання праз Google — і ўбачыў канкрэтную лакацыю ў Варшаве, дзе прылада актывавалася.

Ён адправіў паведамленне на навушнікі з просьбай звязацца і абяцаннем узнагароды, але адказу не атрымаў. Тады пачаў назіраць за перамяшчэннем прылады і ў выніку паехаў да дома, дзе навушнікі знаходзіліся.

На месцы ён некалькі дзён спрабаваў высветліць, у якой менавіта кватэры знаходзіцца яго рэч. З дапамогай функцыі прайгравання гуку здолеў вызначыць патрэбны пад’езд і нават дзверы — навушнікі адгукнуліся на яго сігнал.

Мужчына спрабаваў дамовіцца з чалавекам па той бок дзвярэй, прапаноўваў грошы, але безвынікова. Пасля выклікаў паліцыю, аднак тая нічога зрабіць не змагла — дзверы не адчынілі, а падстаў для прымусовых дзеянняў не было.

На трэці дзень гісторыя прыняла нечаканы паварот. Праз адсочванне беларус убачыў, што яго навушнікі перамясціліся ў цэнтр горада — і канкрэтна ў касцёл святога Аляксандра.

Уладзімір паехаў туды і, зайшоўшы ўнутр, зноў уключыў сігнал. Гук, узмоцнены акустыкай храма, пачуўся з-за алтара. Як высветлілася, нехта пакінуў навушнікі каля месца для ахвяраванняў, пасля чаго служка аднёс іх за алтар.

У выніку рэч вярнулі ўладальніку.

Сам герой гісторыі лічыць, што гэта быў «мікс тэхналогій, настойлівасці і псіхалогіі». На яго думку, чалавек, які забраў навушнікі, хутчэй за ўсё, не быў прафесійным злодзеем, а ўрэшце адчуў віну і вырашыў вярнуць знаходку — прычым сімвалічным чынам.

Ён таксама раіць заўсёды прывязваць прылады да акаўнтаў і выкарыстоўваць функцыі адсочвання — у гэтай гісторыі яны адыгралі ключавую ролю.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула