БЕЛ Ł РУС

У Кіеве мужчына пачаў страляніну і ўзяў закладнікаў у супермаркеце

18.04.2026 / 17:26

Nashaniva.com

У Кіеве ў Галасееўскім раёне невядомы мужчына адкрыў стральбу па людзях каля супермаркета «Велмарт». Паводле папярэдняй інфармацыі паліцыі, як мінімум адзін чалавек загінуў, ёсць таксама параненыя.

Асоба стралка пакуль не ўстаноўленая. На выгляд гэта мужчына гадоў з 60, узброены аўтаматам — ён падыходзіў да выпадковых людзей на вуліцы і страляў па іх амаль ва ўпор.

Вядома, што адзін чалавек загінуў, як мінімум чацвёра параненыя.

Пасля страляніны нападнік узяў у закладнікі наведвальнікаў супермаркета «Велмарт».

Раён вакол супермаркета ачэплены, на месцы працуюць спецслужбы.

Матывы нападніка пакуль невядомыя, сітуацыя застаецца напружанай.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што сярод параненых на вуліцы — дзіця. Медыкі транспартуюць яго ў бальніцу. Дарослых параненых аглядаюць і аказваюць дапамогу на месцы. Паводле слоў мэра, у выніку страляніны ёсць параненыя і некалькі загінулых.

«Спецаперацыя па затрыманні мужчыны, які ўчыніў страляніну і зараз знаходзіцца ў памяшканні супермаркета, працягваецца. Паводле папярэдняй інфармацыі, у супермаркеце таксама чутныя стрэлы», — напісаў Клічко.

Пасля Клічко назваў удакладненыя лічбы ахвяр — двое загінулых і пяць параненых. Сярод параненых — ахоўнік супермаркета, у якім схаваўся стралок.

Паведамляецца, што да супермаркета пад'ехала бранятэхніка і спецназ рыхтуецца да штурму. Але пакуль са стралком вядуць перамовы. На месца здарэння прыехаў міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка.

Галасееўскі праспект, дзе адбываюцца падзеі, перакрытыя, месца падзей ачэпленае.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула