БЕЛ Ł РУС

Еменскія хусіты выставілі ўльтыматум Трампу: яны пагражаюць закрыць яшчэ адзін ключавы марскі праліў

19.04.2026 / 17:30

Nashaniva.com

Намеснік міністра замежных спраў урада хусітаў у Емене прыгразіў поўным закрыццём Баб-эль-Мандэбскага праліва. Гэты ўльтыматум высунуты прэзідэнту ЗША Дональду Трампу ў адказ на «палітыку, якая перашкаджае міру». Заява прагучала на фоне абвастрэння сітуацыі ў іншым ключавым праліве рэгіёна — Армузскім.

Баб-эль-Мандэбскі на спадарожнікавым здымку. Фота: Wikimedia Commons

Як паведамляе выданне «Настоящее Время», намеснік кіраўніка МЗС хусіцкага ўрада Хусейн аль-Эзі зрабіў жорсткую заяву. Паводле яго слоў, калі такое рашэнне будзе прынята, то «ўсё чалавецтва і джыны апынуцца цалкам бяссільнымі яго адкрыць».

«Таму Трампу — і краінам, якія яму патураюць — лепш за ўсё неадкладна пакласці канец палітыцы, якая перашкаджае міру, і праявіць павагу да правоў нашага народа і краіны», — заявіў аль-Эзі.

Баб-эль-Мандэбскі праліў злучае Чырвонае мора з Адэнскім залівам і з'яўляецца адной з найважнейшых транспартных артэрый свету. Праз яго праходзіць каля 12% усёй марской транспарціроўкі нафты і 8% сусветнага звадкаванага прыроднага газу. Падтрыманая Іранам групоўка «Ансар Алах», больш вядомая як хусіты, кантралюе значную частку Емена, уключаючы сталіцу краіны Сану, што дае ёй магчымасць уплываць на суднаходства ў праліве.

Гэтая пагроза прагучала на фоне эскалацыі напружанасці вакол іншага стратэгічнага маршруту — Армузскага праліва, праз які праходзіць больш за 20% сусветных паставак нафты і ЗПГ. 17 красавіка, пасля дасягнення дамоўленасці аб спыненні агню паміж Ізраілем і Ліванам, Іран абвясціў аб адкрыцці праліва. Аднак ужо на наступны дзень Тэгеран зноў закрыў яго, патлумачыўшы гэта тым, што ЗША не спынілі марскую блакаду іранскіх партоў. У той жа дзень стала вядома, што як мінімум два гандлёвыя судны былі абстраляныя пры спробе перасекчы Армузскі праліў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула