Форвард хакейнага «Дынама-Мінск» хоча, каб заробак яму паднялі да мільёна даляраў за год. Два іншыя ўжо атрымліваюць амаль столькі
Хакей, любімая цацка Аляксандра Лукашэнкі, адна з нешматлікіх сфер у Беларусі, дзе заробкі роўныя заходнім, а то і перавышаюць іх. Беларусы-хакеісты могуць разлічваць трапіць у фавор — як Дзмітрый Баскаў, які кантралюе самыя прыбытковыя сферы беларускай эканомікі. Замежнікам жа, якія гуляюць у дыктатарскай краіне, дастаюцца заробкі, якія фінансуюцца паборамі з беларускага бізнэсу.
Алекс Лімож на лёдзе. Фота hockey.by
На мінулым тыдні скончыўся сезон для мінскага «Дынама». Цяпер клубнае кіраўніцтва вырашае, з кім пойдзе ў наступны чэмпіянат — неабходна вызначыцца з галоўным трэнерам і многімі хакеістамі.
Больш за ўсё ўвагі, піша беларускае спартовае выданне «Трыбуна», прыцягвае будучыня нападніка Алекса Ліможа, у якога кантракт заканчваецца 31 мая.
28‑гадовы амерыканец стаў трэцім бамбардзірам рэгуляркі КХЛ, за 68 матчаў набраў 73 (24+49) балы, а таксама найлепшым легіянерам-навічком у гісторыі мінскага «Дынама». Унутры каманды форвард быў другім пасля Сэма Энаса, які выбіў 89 (32+57) балаў у 67 матчах. У плэй-оф рэзультатыўнасць Ліможа крыху знізілася — 1+5 у васьмі матчах.
Перамовы з амерыканцам аб новым кантракце пачаліся яшчэ падчас сезона, аднак прыйсці да пагаднення, як, напрыклад, з Энасам, не ўдалося. Перад стартам плэй-оф Ліможа спыталі пра будучыню ў «Дынама». «Пакуль усе мае думкі пра плэй-оф <…> Ну а далей?.. Пабачым», — сышоў ад канкрэтнага адказу хакеіст.
Ухіліўся ён ад канкрэтыкі і адразу пасля вылету каманды з Кубка Гагарына: «Пабачым, час пакажа. Ведаеце, я быў сфакусаваны на плэй-оф… Пакуль я проста хачу правесці час з сябрамі, а з гэтым пытаннем мы разбяромся пазней».
У суботу з’явілася інфармацыя пра тое, што Лімож не працягвае кантракт, бо не можа дамовіцца з «Дынама». Летась нападнік не раз казаў, што паставіў мэту за год добра праявіць сябе ў расійскай лізе і нарэшце трапіць у НХЛ. Пасля выніковага сезона ў Паўночнай Амерыцы сапраўды могуць з’явіцца варыянты.
Для параўнання, вось топ-узровень заробкаў у КХЛ на гэты момант:
-
Шэлдан Рэмпал («Салават Юлаеў») — 1,31 мільёна даляраў;
-
Аляксандр Барабанаў, Дзмітрый Яшкін (абодва — «Ак Барс»), Уладзімір Ткачоў («Металург») — па 1,25 мільёна даляраў;
-
Рока Грымадзі (СКА) — 1,2 мільёна даляраў;
-
Рыд Бушэ («Аўтамабіліст»), Алекс Гальчанюк («Амур») — па 1,18 мільёна даляраў;
-
Канстанцін Окулаў («Авангард») — 1,11 мільёна даляраў;
-
Сяргей Талчынскі («Металург»), Джордан Уіл («Дынама» Масква) — па 1,05 мільёна даляраў.
Тым часам з’явілася інфармацыя, што Лімож атрымаў прапанову на жаданую суму ад СКА, у якога праблемы з крэатывам — камандзе неабходны форвард-дыспетчар, і на гэтую ролю легіянер выдатна падыходзіць. У выпадку пераходу хакеіст дастанецца СКА бясплатна — нападнік вось-вось стане неабмежавана свабодным агентам.
У нядзелю з’явіўся новы інсайд — Лімож трапіў у сферу інтарэсаў «Ак Барса», дзе гатовыя даць амаль 1,2 мільёна даляраў.
Акрамя Ліможа пасля 31 мая «Дынама» без аніякіх абмежаванняў могуць пакінуць яшчэ шэсць легіянераў — абаронцы Дарэн Дзіц і Роберт Хэмілтан, а таксама нападнікі Станіслаў Галіеў, Вадзім Шыпачоў, Раян Спунер і Кірыл Варонін. Паводле апошніх паведамленняў, з мінчанамі развітаецца Хэмілтан, які нібыта ўжо ўзгадніў умовы двухгадовага пагаднення з ЦСКА. Праўда, з абвяржэннем днямі выступіў агент абаронцы Дэрыл Вольскі — маўляў, хакеіст разглядае прапановы ад пяці клубаў і ні з кім яшчэ не падпісваўся.
Блізкі да змены клуба Дзіц. Чакаецца, што канадзец падпіша аднагадовы кантракт з «Сібір’ю». Незразумелая будучыня ў Мінску Спунера. Нападнік не супраць працягнуць кар’еру ў «Дынама», калі атрымае новую прапанову, пры гэтым ужо разглядае варыянты ў Германіі. Пра планы клуба адносна расіян Галіева, Шыпачова і Вароніна нічога не гаварылася.
З беларусаў неабмежавана свабодным агентамі ў канцы вясны стануць абаронца Крысціян Хенкель і нападнікі Андрэй Стась і Вячаслаў Грэцкі.
Хутчэй за ўсё, перспектывы расіян і беларусаў вызначацца пасля таго, як будзе прынята рашэнне па галоўным трэнеры на сезон-2026/27. Пра будучыню Дзмітрыя Квартальнава ў Мінску пакуль нічога афіцыйна не абвяшчалася. Сам трэнер яшчэ не развітваўся з камандай і ўстрымоўваецца ад каментароў на тэму будучыні. Паводле апошніх інсайдаў, Квартальнаў — адзін з галоўных кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера «Трактара». На яго месца ў Мінску расійскі журналіст Артур Хайрулін называе асноўным прэтэндэнтам Андрэя Міхалёва — даўняга сябра адной з цэнтральнай фігур пры двары Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя Баскава.
Дзейныя пагадненні з «Дынама» на сезон-2026/27 маюць 18 хакеістаў: брамнікі Васіль Дэмчанка, Зак Фукале, Антон Крупавец, Яўген Прохараў, абаронцы Джошуа Брук, Данііл Крыштофік, Брэдзі Лайл, Нікалас Мелош, Ксаўе Уэле, нападнікі Сэм Энас, Ягор Карабань, Дзмітрый Хабян, Багдан Белкін, Сяргей Кузняцоў, Данііл Ліпскі, Мікалай Салыга, Данііл Сацішвілі і Ілья Усаў.