Як выглядае кватэра ў доме XIX стагоддзя ў цэнтры Мінска?
Яе можна арандаваць на суткі. З балкона — шыкоўны від.
Гэты дом на Інтэрнацыянальнай, 14 быў пабудаваны яшчэ ў XIX стагоддзі адным купцом. Першапачаткова тут было ўсяго два паверхі і шэсць кватэр, але ўжо ў 20‑х гадах XX стагоддзя тут надбудавалі яшчэ адзін жылы ўзровень. Дом вылучаецца і формай аконных праёмаў: яны розныя на кожным паверсе. У гэтым доме на суткі здаюць «двушку» з відам на дахі гістарычных будынкаў, піша Realt.
Фота тут і далей: Realt
Дом на Інтэрнацыянальнай, 14 пачаў узводзіць купец Нева Грынгаўз у 1885 годзе. За год ён пабудаваў двухпавярховы цагляны будынак. У яго цэнтры знаходзілася прахадная арка з франтонамі па абодва бакі. Нягледзячы на тое, што дом носіць імя ўладальніка, належаў ён яму нядоўга. Ужо ў 1894 годзе будынак выкупіў мінскі банкір Леапольд Лур’е. Яго ініцыялы «Л.Л.» прысутнічаюць на каванай рашотцы ў арцы і сёння.
Пры ім памяшканні будынка выкарыстоўваліся як жылыя кватэры. Усяго іх было шэсць. У пачатку 1920‑х да дома пачалі прыбудоўваць яшчэ адзін узровень. Пашанцавала, што падчас вайны трохпавярховік не пацярпеў. У далейшым планіроўка апошняга ўзроўню была крыху зменена.
Цяпер на трэцім паверсе можна арандаваць на суткі пераробленую двухпакаёвую кватэру плошчай 46 квадратаў.
Рамонт тут правялі ў 2024 годзе. Кухню і гасцёўню сумясцілі. Інтэр’ер выкананы ў класічным стылі, з драўляным пакрыццём на падлозе
Тут таксама абсталявана абедзенная зона, вісіць тэлевізар.
Для сну тут ёсць ложак у ізаляванай спальні, а таксама раскладная канапа ў гасцёўні.
Са спальні ёсць выхад на адкрыты балкон, адкуль адкрываецца від на гістарычную вуліцу.
Здаюць кватэру мінімум на двое сутак. Цана за гэты час складае 1 760 рублёў (621 даляр).