БЕЛ Ł РУС

Расіяне пяты раз заявілі пра ўзяцце «ЛНР»

21.04.2026 / 09:15

Nashaniva.com

Начальнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў падчас візіту ў пункт кіравання групоўкай «Поўдзень» абвясціў пра «поўнае завяршэнне вызвалення ЛНР». Гэта ўжо пятая падобная заява расійскага боку з пачатку поўнамаштабнай вайны, што выклікае іронію нават сярод расіян.

Валерый Герасімаў. Фота: Mikhail Metzel / Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Паводле слоў Герасімава, за сакавік і красавік расійскія войскі занялі 34 населеныя пункты і каля 700 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Агулам жа з пачатку 2026 года пад кантроль РФ нібыта перайшло 80 паселішчаў і больш за 1,7 тысячы кв. км тэрыторыі.

«Цалкам завершана вызваленне Луганскай Народнай Рэспублікі», — абвясціў Герасімаў.

Гісторыя «поўнага вызвалення» Луганскай вобласці нагадвае серыял. У 2022 годзе Пуцін ужо віншаваў расійскіх вайскоўцаў з «вызваленнем» Луганскай вобласці.

Затым былі пераможныя рэляцыі Пуціна на «Валдаі» ў 2023‑м і чарговыя «канчатковыя» заявы Леаніда Пасечніка ў чэрвені 2025-га.

Нават у гэтым красавіку Мінабароны РФ ужо паспела адсправаздачыцца аб захопе рэгіёна 1‑га чысла — тады многія прынялі гэта за няўдалы першакрасавіцкі жарт.

Ёсць сур'ёзныя пытанні і да тэрытарыяльных поспехаў, пра якія кажа Герасімаў. Лічбы расійскага Генштаба ў разы перавышаюць звесткі незалежных аналітыкаў. Калі Генштаб РФ заяўляе аб 1700 кв. км з пачатку года, дык праект DeepState фіксуе прасоўванне РФ на 622 кв. км за той жа перыяд.

Нават Z-супольнасць не вытрымлівае такога інфармацыйнага націску. Блогер Уладзімір Раманаў адрэагаваў на чарговую навіну кароткім постам са скрыншотамі папярэдніх аналагічных загалоўкаў і эмодзі-клоўнам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула