Менеджара па продажах буйной міжнароднай агракампаніі асудзілі па пяці палітычных артыкулах
43‑гадовы Вячаслаў Ванславовіч працаваў у беларускім прадстаўніцтве буйной нідэрландскай кампаніі APH Group. Яго арыштавалі і абвясцілі тэрарыстам.
Вячаслаў Ванславовіч. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Мінчуку Вячаславу Ванславовічу 43 гады. У 2005 годзе ён скончыў эканоміка-прававы факультэт Беларускага інстытута правазнаўства па спецыяльнасці «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт».
У свой час мужчына спрабаваў займацца ўласным бізнэсам — меў статус індывідуальнага прадпрымальніка і гандляваў легкавымі аўтамабілямі, але ў 2016 годзе ягонае ІП было ліквідавана праз неажыццяўленне дзейнасці.
Апошнім часам Вячаслаў працаваў менеджарам па продажах у беларускім філіяле APH Group, адным з найбуйнейшых сусветных дылераў сельскагаспадарчай тэхнікі.
Да затрымання ён вёў актыўнае жыццё, займаўся спортам і падарожнічаў. Падобна, мужчыну затрымалі адразу па вяртанні ў Беларусь.
Арыштавалі Вячаслава вясной ці летам 2025 года і змясцілі ў СІЗА. Яго судзілі ў Мінскім гарадскім судзе адразу па шасці крымінальных артыкулах. Мужчыну абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК), распальванні варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 артыкула 361‑4 КК).
Цяпер мужчына адбывае пакаранне ў калоніі. Сутнасць справы невядомая, але калі меркаваць па артыкулах, то Вячаслава судзілі за каментары ці допісы ў сацсетках.
Нядаўна яго ўнеслі ў спісы экстрэмістаў і тэрарыстаў, якія вядуць беларускія сілавікі.
Чытайце таксама:
Ратавальніка з Маладзечна асудзілі па палітычнай справе
Валанцёра пошукавых атрадаў і кіроўцу грузавіка, які раней працаваў у ЗША, асудзілі па справе Гаюна