Пуцін вярнуў Акадэміі ФСБ імя Дзяржынскага
Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прысваенні Акадэміі ФСБ імя Фелікса Дзяржынскага. Гэтае рашэнне фактычна вяртае галоўнай кузні кадраў расійскіх спецслужбаў савецкую назву, якую яна насіла да распаду СССР.
Згодна з дакументам, імя Дзяржынскага нададзена акадэміі за «выдатны ўклад у забеспячэнне дзяржаўнай бяспекі» самога Дзяржынскага і «заслугі асабовага складу» ўстановы.
Назва ў гонар Дзяржынскага не новая для гэтай навучальнай установы.
У 1962—1992 гг. установа называлася Вышэйшай школай КДБ імя Ф. Э. Дзяржынскага. У 1992 г. падчас дэмакратычных рэформ імя сімвала савецкіх рэпрэсій прыбралі, а школу пераўтварылі ў Акадэмію ФСБ.
Журналістка Фарыда Рустамава заўважае, што гэты ўказ — верагодна, першы выпадак, калі Пуцін на паперы дае станоўчую ацэнку асобе Дзяржынскага. Раней прэзідэнт РФ толькі выказваў шкадаванне наконт зносу помніка на Лубянцы ў 1991 годзе, але пазбягаў прамых дыфірамбаў кіраўніку ВЧК.