Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА
Былая старшыня Нацбанка збегла з-пад хатняга арышту ў 1999 годзе і з таго часу жыла ў Лондане. У 2003 годзе яна купіла дом на ціхім завулку недалёка ад знакамітага стадыёна Уэмблі. Яна пражыла там чвэрць стагоддзя і цяпер прадала дом за $1 мільён, хаця спачатку хацела значна больш.
77‑гадовая Тамара Віннікава — фігура з далёкага мінулага. Гэтая эфектная ўраджэнка Стаўрапольскага края ўвайшла ў адміністрацыйную эліту краіны з прыходам Лукашэнкі да ўлады. Віннікаву лічылі яго самым галоўным дарадцам па банкаўскіх і эканамічных пытаннях.
Тамара Віннікава ў 90-я
У лютым 1996 стала кіраўніком Нацыянальнага банка.
Праўда, іншыя топавыя банкаўскія фігуры і функцыянеры таго часу лічылі Віннікаву выскачкай і звязвалі кар'ерныя поспехі з асабістымі, а не прафесійнымі якасцямі.
Як бы там ні было, зорка Віннікавай згасла імкліва. Жанчыну арыштавалі ў пачатку 1997 года па абвінавачванні ў карупцыйных злачынствах. Проста пасярод нарады з Лукашэнкам яе запіскай выклікалі ў суседні кабінет, з якога павезлі ўжо ў СІЗА КДБ.
Віннікава прасядзела там у адзіночцы 10 месяцаў, пасля чаго яе перавялі пад хатні арышт. Адтуль яна і збегла ў красавіку 1999-га.
Аб'явілася Віннікава сама ў канцы 1999‑га — пазваніла ў «Беларускую дзелавую газету», расказала, што ўцякла ў Лондан.
Якраз у той час усе шукалі забітых Юрыя Захаранку, Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара. Віннікава засведчыла, што жывая. Дала пару крытычных інтэрв'ю і ў выніку засяродзілася на прыватным жыцці, выйшла з публічнай сферы.
Віннікава ў Лондане. Скрыншот архіўнага відэа
У 2003 годзе Тамара Віннікава за 365 тысяч фунтаў — вялікія на той час грошы — купіла у лонданскім тупіковым завулку Priory Crescent трохпавярховы дом плошчай 181 квадратны метр. Гэта раён Уэмблі, які не лічыцца вельмі прэстыжным, але ў той жа час і не для бедных — хутчэй, раён для сярэдняга класа. Да цэнтра Лондана адтуль — прыкладна гадзіна на грамадскім транспарце.
З адметнасцяў побач — толькі легендарны стадыён.
Былы лонданскі дом Віннікавай. Фота: wilson-hawkins.co.uk
Пачынаючы з восені 2023‑га, Віннікава спрабавала прадаць гэты дом. Першапачатковая цана — 960 тысяч фунтаў. Але паколькі ахвотных купцоў не было, давялося скідваць. У выніку ў 2025‑м годзе Віннікавай удалося прадаць яго з вялікім дысконтам да першапачатковай цаны, за 800 тысяч фунтаў (каля $1 мільён на той момант).
Дзякуючы таму, што гаспадыня не прыбірала асабістыя рэчы ў момант, калі яе дом фатаграфавалі агенты па нерухомасці, мы можам зазірнуць усярэдзіну дома, у якім столькі гадоў пражыла знакамітая фінансістка.
Як гэта прынята ў Англіі, за самім домам ёсць месца для сада і садовага дамка. Гэты лапік зямлі па цэнтры (36 квадратных метраў) Віннікава засадзіла кветкамі.
Але што насамрэч звяртае ўвагу, дык гэта мастацкія густы былой банкіркі. Інтэр'еры яе дома былі завешаныя карцінамі, на якіх можна без праблем пазнаць саму Тамару Віннікаву, маладую і чарнявую.
Вялікі партрэт Віннікавай у блакітных колерах сустракаў гасцей адразу на ўваходзе, у першым холе.
У гасцінай прынамсі на адной з карцін дакладна можна пазнаць Віннікаву. Ці яна ж у вобразе імператрыцы справа — невядома.
Падчас прагляду тэлебачання Віннікава таксама магла перакідваць позірк налева — на свой партрэт, для адпачынку вачэй.
Аўтарства партрэтаў невядомае, але некаторыя іншыя палотны выдаюць руку беларускага мастака Леаніда Шчамялёва.
У доме Віннікавай чатыры спальні і два санвузлы.
Праз вузкую кухню Віннікава выходзіла на летнюю веранду і потым — у сад.
Чытайце таксама:
{DONATE_PATREON}