БЕЛ Ł РУС

Найлепшым фота года паводле World Press Photo стала ФОТА сям'і мігрантаў у ЗША, якую прымусова раздзяляюць

23.04.2026 / 15:02

Nashaniva.com

Абвешчаны лаўрэаты штогадовай прэміі World Press Photo. Фатаграфіяй года стала выява масавай дэпартацыі мігрантаў з ЗША.

Фатаграфіяй года паводле некамерцыйнай арганізацыі World Press Photo прызнаны здымак «Раздзеленыя супрацоўнікамі Іміграцыйнай і мытнай службы ЗША» амерыканскага фатографа Кэрол Гузі.

Такое рашэнне аргкамітэт аднайменнага фотаконкурсу агучыў у чацвер, 23 красавіка. Праца ўваходзіць у серыю «Арышты Іміграцыйнай і мытнай службы ЗША ў судзе Нью-Ёрка» для штодзённай газеты Miami Herald, піша Deutsche Welle.

Гузі зафіксавала момант, калі прадстаўнікі праваахоўнага ведамства адводзяць Луіса, мігранта з Эквадора, ад яго сям’і пасля судовага пасяджэння па справе аб нелегальнай міграцыі

Гэты эпізод з’яўляецца «не адзінкавым выпадкам, а палітыкай, якая без разбору прымяняецца да людзей, што добрасумленна з’явіліся на судовыя слуханні», падкрэслілі ў аргкамітэце конкурсу. У дэмакратычным грамадстве прысутнасць фотакамер у судовых калідорах з’яўляецца «важным сведкам палітыкі, якая ператварыла будынкі судоў у месцы, дзе разбураюцца жыцці людзей», адзначылі ў World Press Photo.

У 2025 годзе ў шэрагу гарадоў ЗША прайшлі пратэсты супраць узмацнення міграцыйнай палітыкі адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа і курсу на масавыя дэпартацыі мігрантаў.

«Гэтая ўзнагарода падкрэслівае велізарную важнасць гэтай гісторыі ва ўсім свеце. Мы сталі сведкамі пакут незлічоных сем’яў, але таксама сведкамі іх годнасці і стойкасці, якія дазваляюць ім пераадольваць цяжкасці. <…> Безумоўна, гэтая ўзнагарода належыць ім, а не мне», — адзначыла Гузі, каментуючы выбар журы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула