БЕЛ Ł РУС

У Нацбанку назвалі тры самыя паспяховыя махлярскія схемы ў Беларусі

23.04.2026 / 20:24

Nashaniva.com

Самай небяспечнай махлярскай схемай у Беларусі па аб'ёме фінансавых страт, нанесеных грамадзянам, з'яўляецца «дэклараванне грашовых сродкаў і ўдзел у спецаперацыі». На яе прыпадае 53% ад агульнай сумы стратаў у 2025 годзе, або каля 29 мільёнаў рублёў. Пра гэта ў свежым выпуску «Банкаўскага весніка» расказаў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Андрэй Картун, піша Office Life.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Як правіла, у гэтым выпадку махляры прадстаўляюцца супрацоўнікамі сілавых структур і гавораць, што ў дачыненні да чалавека праводзіцца праверка з-за ўдзелу ў падазроных аперацыях. Яму пагражаюць ператрусам і патрабуюць «задэклараваць» усе наяўныя грошы, змясціўшы іх на «бяспечны» рахунак.

На другім месцы па суме нанесеных страт (22%, або амаль 12 мільёнаў рублёў) — «інвеставанне». У гэтым выпадку ахвяры прапануюць выгадна ўкласціся ў акцыі беларускіх і замежных кампаній або крыптавалюту.

Замыкае топ-3 самая простая схема — продаж няісных тавараў і паслуг (17% ад сумы стратаў, або больш за 9 мільёнаў рублёў). Прыкмета такога махлярства — значна ніжэйшыя цэны, чым у сярэднім па рынку.

Паводле даных Нацбанка, 32% сродкаў, якія ўдалося выцягнуць з грамадзян, зламыснікі выводзяць «безналам» за мяжу, 28% — праз крыптавалютныя пляцоўкі і казіно, 21,5% — пераводзяць у наяўныя ў Беларусі і за мяжой, а 12,7% — трацяць на тавары і паслугі ўнутры краіны.

Раней у Банкаўскім працэсінгавым цэнтры расказалі, што ў 2025 годзе колькасць паспяховых махлярскіх аперацый у Беларусі вырасла на 27%. Сярэдняя ж сума стратаў павялічылася з $82 да $385.

Чытайце таксама:

Беларусам хочуць абмежаваць колькасць банкаўскіх картак на чалавека

У Мінску жанчына паверыла махлярам, а не ChatGPT

Аферысты прыдумалі новую форму махлярства

Пенсіянерка з Мастоў аддала махлярам 110 тысяч рублёў і ўласную машыну

Каментары да артыкула