Кацярына Ваданосава патлумачыла, чаму выйшла з выбарчага блока Латушкі
Журналістка ў сваім фэйсбуку патлумачыла прычыны адклікання сваёй кандыдатуры на выбарах у Каардынацыйную раду.
Фота з фэйсбука Кацярыны Ваданосавай
«Прычына звязаная з адной з маіх прац [Кацярына супрацоўнічае з «Белсатам» і Будзьмай — НН]. Я была чаліняй КР папярэдняга склікання, мая кадэнцыя скончыцца неўзабаве, але гэтым разам адным з маіх працадаўцаў (а ў мяне некалькі прац, як вы, напэўна, ведаеце) да майго сведчання было даведзена, што мой удзел у любога кшталту палітычнай дзейнасці можа быць успрыняты негатыўна, і я магу быць абвінавачаная ў прадузятасці і ангажаванасці.
Паколькі я ніколі не выкарыстоўвала сваё службовае становішча ў якасці інструмента ўплыву, а таксама паколькі я лічу, што такія (нават гіпатэтычныя) абвінавачванні могуць паўплываць на маю годнасць і рэнамэ, то вымушаная адклікаць сваю кандыдатуру з выбарчага спісу», — напісала яна.
Кацярына таксама падзякавала Паўлу Латушку за тое, што яе маці не была вывезеная ў Літву, а засталася ў Польшчы.
«Праўда, потым яна памерла, не вытрымаўшы стрэсу, і на мяне ледзьве не «павесілі» (даруйце мне гэты слэнг) аплату рахунка за яе рэанімацыю і аперацыю, але, ізноў жа, дзякуючы таму, што Пал Палыч зноў і зноў гаварыў пра мой кейс, рабіў з яго прэцэдэнт, апублічваў яго і размаўляў з людзьмі, якія маюць уплыў на рашэнні УДСЦ, мне ўдалося даказаць, што мама ў час смерці была застрахаваная, і пазбегнуць агромністых тратаў «за смерць» маці, і сабраныя праз Байсол грошы ўдалося накіраваць на іншую дабрачыннасць. Таму я з вялікай павагай і ўдзячнасцю стаўлюся да маіх (ужо былых) калегаў па выбарчым спісе, а таксама паважаю і дзякую кандыдатам з усіх спісаў, ведаючы, якую няўдзячную і цяжкую ношу яны падымаюць на свае плечы», — напісала яна.