Мілых зайчанятаў пабачылі леснікі ФОТАФАКТ
Зайчаняты сталі нечаканай знаходкай для работнікаў Вілейскага доследнага лясгаса. Падчас навядзення парадку яны заўважылі пухнатыя камячкі — і сфатаграфавалі звяркоў, піша Kraj.by.
Як растлумачыў ляснічы Іжскага лясніцтва Дзмітрый Бандарэнка, зайчыха-маці, кіруючыся інстынктам самазахавання, часова пакінула сваіх дзіцянят, каб не прыцягваць увагу драпежнікаў.
Дзмітрый таксама падзяліўся, што падчас працы нярэдка сустракаюцца дзікія жывёлы — казулі, ласі і іншыя прадстаўнікі фаўны. Нядаўна, напрыклад, быў заўважаны глушэц.
Паводле слоў ляснічага, у гэты перыяд птушкі могуць праяўляць агрэсію, рупліва ахоўваючы сваю тэрыторыю, і нават могуць перашкаджаць праезду тэхнікі.