«Узнікаюць уяўленні, што палітвязні мусяць быць стойкімі, сабранымі, удзячнымі. А рэальнасць розная». Пагаварылі з людзьмі, якія водзяць дэпартаваных літаральна за руку
«А калі можна будзе вярнуцца дадому ў Беларусь?» — гэтае пытанне валанцёрка Наста з Варшавы пачула ў першую ж ноч, калі сустракала групу дэпартаваных палітвязняў. Наста ўспамінае, як у той момант у яе літаральна «ўсё ўнутры рассыпалася». Ужо пазней яна даведалася, што частка вывезеных беларусаў сапраўды спрабавала вярнуцца: яны хадзілі ў беларускія амбасады, але гэта ні да чаго не прыводзіла.
Сустрэча палітвязняў у Вільні 19 сакавіка 2026 года. Фота: Наша Ніва
Мы пагаварылі з пяццю ментарамі ініцыятывы Volnyja: з Польшчы, Літвы і Германіі. Гэта беларусы з розным жыццёвым досведам і прафесіямі. Сярод іх айцішнік, псіхолаг, прадпрымальнік, бізнэс-аналітык і актывістка. Яны па-рознаму выбудоўваюць працу, трымаюць межы і перажываюць нагрузку, але ўсіх аб’ядноўвае мэта — дапамагчы палітвязням, якіх беларускія ўлады выкінулі за межы роднай краіны.
«Яны злуюць, што іх выкінулі з Беларусі»
Часта менавіта з гэтага пытання — «а калі дадому?» — і пачынаецца праца ментараў Volnyja. Гэта людзі, якія суправаджаюць тых, хто яшчэ некалькі гадзін таму быў у калоніях, а цяпер апынуўся ў новай краіне без дакументаў, без рэчаў, без апоры і без разумення, што рабіць далей. Стаць ментарам у «Вольных» можна даволі хутка: анкета, кароткае навучанне, сустрэча з псіхолагам — і далей ужо першы падапечны. Але пры гэтым важная псіхалагічная ўстойлівасць, здольнасць трымаць межы і матывацыя не ратаваць, а суправаджаць. Гэта правяраюць падчас адбору: важна, каб чалавек не правальваўся ў чужыя гісторыі і не спрабаваў пражываць чужое жыццё замест свайго.
Наста дагэтуль памятае, як яна чакала першую вялікую групу. Палітвязняў вывозілі з самага ранку, без вады і ежы, з мяшкамі на галаве. Таму першыя дзеянні максімальна простыя: накарміць і дапамагчы патэлефанаваць блізкім.
«Мы ўсю ноч прасядзелі ў чаканні, разумеючы, што да нас едуць дзясяткі людзей. У той дзень я зразумела, што не ведаю, што такое 80 чалавек фізічна. Калі памяшканне напоўнілася людзьмі, стала ясна — гэта вельмі шмат. Я не чакала ўбачыць столькі людзей адразу. Усе вельмі розныя, аднак ўсе ў стане стрэсу».
Торбы вызваленых палітвязняў. 18 снежня 2025 года. Фота: Наша Ніва
Ментарка Вольга з Вільні кажа, што эмацыйна людзі ў першыя гадзіны рэагуюць вельмі па-рознаму. Хтосьці адчувае палёгку і дзякуе літаральна за кожны крок. Іншыя — асабліва тыя, каго па дарозе моцна запалохвалі, казалі, што вывезуць у лес і могуць расстраляць, — застаюцца ў шокавым стане, у разгубленасці, нібыта замарожаныя.
«Калі гэта актывісты старога тыпу, яны злуюць, што іх выкінулі з Беларусі. Проста агрэсія была ў некаторых. Яны адразу пыталіся, на што іх памянялі, што далі за іх вызваленне. Многія казалі, што не трэба было гэтага рабіць. Некаторым заставалася сядзець умоўна два месяцы: людзі хацелі выйсці і заставацца ў сваёй краіне».
Найцяжэй тым, хто раней не выязджаў з Беларусі. У іх няма досведу жыцця ў іншай краіне і разумення, як уладкаваныя базавыя рэчы.
«Я ўвогуле не перажываю за актывістаў, журналістаў, вядомых людзей. Яны знойдуць сябе, знойдуць працу. Я больш перажываю за тых, хто жыў у сваім рытме: дом, праца, амаль не карыстаўся інтэрнэтам. Ім цяжэй за ўсё ўладкавацца».
Марыя Калеснікава, Марына Золатава, Павел Севярынец разам з іншымі дэпартаванымі палітвязнямі прыехалі з Украіны ў Варшаву. 18 снежня 2025 года. Фота: Наша Ніва
У першыя гадзіны валанцёры не толькі кормяць і даюць тэлефон. Яны збіраюць асноўную інфармацыю, размяркоўваюць людзей. І вельмі падрабязна тлумачаць, куды дэпартаваныя беларусы трапілі і што іх чакае далей. Самы інтэнсіўны этап — гэта першыя дні пасля прыезду. Ментары возяць на падачу дакументаў, да дактароў, дапамагаюць з купляй базавых рэчаў, суправаджаюць ва ўстановы. Часта гэта адбываецца ў ручным рэжыме: трэба літаральна ездзіць з падапечнымі і разбірацца з усімі задачамі на месцы.
«Спачатку гэта пытанні, як карыстацца транспартам і дзе купіць малаток мяса адбіваць, а далей узнікаюць пытанні больш глыбокія і складаныя, як атрымліваць у Польшчы пенсію, напрыклад», — расказвае Наста.
Валанцёр Алекс з Вільні тлумачыць, што максімальна хутка трэба закрыць базавыя рэчы (жытло, дакументы) і патлумачыць, як працуе мясцовая сістэма: ад дзяржаўных органаў да паўсядзённых працэсаў.
Некаторым цяжка асвоіць новыя тэхналогіі.
«Яны проста не разумеюць, што такое віртуальная карта, як можна дыстанцыйна адкрыць рахунак. У іх няма камп’ютараў, нічога няма. Я проста прыязджаў да кожнага са сваім ноўтбукам, разам сядзелі, запаўнялі заяўкі, ездзілі, сканавалі дакументы, літаральна крок за крокам».
Да чаго трэба быць гатовым валанцёрам
Калі жытло знойдзенае, дакументы пададзеныя і былы палітвязень пачынае разумець, як усё ўладкавана, дапамога не заканчваецца, а проста становіцца іншай. Нават калі былыя палітвязні больш-менш уладкаваліся, у іх усё роўна могуць заставацца пытанні. Наста кажа, што часам усё зводзіцца да вельмі простых рэчаў:
«Мой падапечны патэлефанаваў мне ў 7:30 раніцы спытаць, чаму не працуе ўжонд (упраўленне, установа па-польску — НН). А ён не працаваў, бо яшчэ быў закрыты. І вось здаецца, што чалавек сам зрабіў так шмат: і знайшоў сабе жытло, і нават з дакументамі нешта вырашыў. А вось такое нешта простае, праверыць загадзя час працы ўжонду, ён не змог. І яму неабходны быў хтосьці, хто проста адкажа на гэтае пытанне а 7:30 раніцы».
Дэпартаваныя палітвязні ў Вільні. 11 верасня 2025 года. Фота: Наша Ніва
У гэты момант роля ментара змяняецца. Ён ужо не вядзе за руку, а застаецца побач як апора, тым, да каго можна звярнуцца нават з самым дзіўным пытаннем. Менавіта так сваю ролю апісвае валанцёр Максім, які жыве ў Германіі:
«Самае галоўнае — даць чалавеку разуменне, што я ў яго ёсць. Калі патрэбная дапамога, ён можа звяртацца. Далей ён сам вырашае, ці патрэбна яму гэта. І калі не звяртаецца, я зыходжу з таго, што ён ужо ўбудаваўся. Але нават калі праз паўгода падапечны выйдзе на сувязь, я дапамагу. Бо для мяне гэта не складана і не патрабуе вялікіх высілкаў».
Хутка становіцца зразумела, што ўзаемадзеянне з былымі палітвязнямі не заўсёды ідзе па схеме «дапамог — атрымаў падзяку». Былыя зняволеныя могуць складана рэагаваць на рэчы, якія людзям без турэмнага досведу здаюцца звычайнымі. Часам гэта праяўляецца рэзкімі ці нават несправядлівымі словамі, за якімі стаяць напружанне, стомленасць і спроба справіцца з новай рэальнасцю. Кацярына з Уроцлава ўспамінае, як упершыню сутыкнулася з такім:
«Мой падапечны сказаў: «мы тут са сметніцы павінны есці, пакуль яны там у офісах сядзяць». Я пачала разбірацца, і аказалася, што гэта ўвогуле не пра недахоп ежы. Суседняя крама па сваёй ініцыятыве перадавала ў цэнтр часовага размяшчэння прадукты з амаль скончаным тэрмінам прыдатнасці. З прадуктамі праблем не было. Людзі рэгулярна атрымлівалі прадуктовыя кошыкі. Аднак гэты момант — націснуць на маё пачуцце віны, выклікаць шкадаванне — я адчула».
З боку гэта можа выглядаць як маніпуляцыя ці капрызы, але за гэтым звычайна стаіць спосаб справіцца з напружаннем і прыцягнуць увагу, калі іншых інструментаў няма.
«Мая падапечная часта казала, што паедзе ў Беларусь. У нейкі момант я стамілася і падумала: «ну хай едзе, не магу больш адгаворваць». А пазней высветлілася, што яна казала такое ўсім, хто ёй дапамагаў. Цяпер яна жыве ў Польшчы і нават сына плануе перавезці да сябе».
Для ментараў гэта адна з самых складаных частак працы. Важна трымаць межы і дапамагаць пражыць гэты этап, а не адказваць на эмоцыі эмоцыямі.
Часта вакол палітвязняў узнікаюць уяўленні, якімі яны мусяць быць: стойкімі, сабранымі, удзячнымі. Але ў рэальнасці людзі выходзяць з турмы ў розным стане і не заўсёды адпавядаюць гэтым уяўленням.
«Тое, што ў чалавека супадае са мной палітычная пазіцыя, яшчэ не азначае, што супадзе ўсё астатняе: паводзіны, каштоўнасці, бэкграўнд. І вось гэтая ідэалізацыя палітвязняў вельмі небяспечная».
«Я сябе ўвяла ў стан, блізкі да лёгкай дэпрэсіі»
У кожнага ментара адначасова можа быць некалькі падапечных. У Алекса з Вільні зараз тры актыўныя падапечныя і яшчэ каля васьмі на «другой стадыі», калі дапамога ўжо не штодзённая, але сувязь захоўваецца. Ён сумяшчае гэта з працай:
«Я фрылансер у IT, у мяне гнуткі графік. Калі падапечны напіша ўначы, а я ў гэты час працую, я адкажу. Магу раніцай папрацаваць, а днём заняцца дапамогай, увечары дагнаць працу. Калі прыязджалі групы, я мог проста выпасці з працы на тры-чатыры дні, а потым усё даганяў.
Калі трэба тэрмінова дапамагчы, я магу адкласці працу без шкоды для сябе. А калі праходзіць гэты «гарачы» этап, нагрузка становіцца значна меншай. Асноўныя пытанні ўжо вырашаныя, і далей гэта хутчэй падтрымка: раз ці два на тыдзень нешта падказаць ці дапамагчы».
Вызваленыя палітвязні ў Вільні, 19 сакавіка 2026 года. Фота: Наша Ніва
Кацярына працуе інакш. Яна суправаджае трох чалавек, але пры гэтым ведае ўсіх адзінаццаць палітвязняў, што засталіся ва Уроцлаве. «Я ўзяла на сябе і каардынацыю, і працу з людзьмі ва Уроцлаве, і з іншымі ментарамі».
Аднак не заўсёды такую нагрузку ўдаецца вытрымліваць. Наста кажа, што ў нейкі момант сутыкнулася з выгараннем, бо не выбудавала межаў.
«Я сябе ў нейкі момант увяла ў стан, блізкі да лёгкай дэпрэсіі, бо адчувала занадта вялікую адказнасць за тое, як гэтыя людзі пражываюць свае першыя дні. Потым зразумела, што не павінна быць пуцяводнай зоркай, а хутчэй ліхтарыкам, які асвятляе шлях».
Розніца бачная і ў падыходах. Мужчыны-валанцёры часцей апісваюць ментарства як задачу: дапамагчы з дакументамі, жытлом, працэсамі і паступова адысці. Алекс, напрыклад, кажа пра «дзве стадыі»: інтэнсіўная дапамога на пачатку і радзейшая пазней. Ён стараецца не заходзіць глыбока ў асабістае, калі чалавек сам гэтага не просіць. Жанчыны часцей эмацыйна ўключаюцца ў лёсы падапечных, кажуць, што гэта часам ускладняе працу. Пры гэтым валанцёры Volnyja сыходзяцца ў адным: без межаў доўга працаваць немагчыма. Незалежна ад фармату і колькасці падапечных.
«Мы зараз з табой сустракаемся, а потым я іду ў госці»
Момант, калі падапечнаму ўжо не патрэбны ментар, становіцца заўважным па простых рэчах: чалавек радзей піша, менш задае пытанняў, спрабуе ва ўсім разабрацца сам. Максім фармулюе гэта проста: калі чалавек перастае выходзіць на сувязь, значыць, ён уладкаваўся. У Кацярыны падобны арыенцір: знікае патрэба прыходзіць з кожным пытаннем. Для саміх ментараў гэта і ёсць галоўны крытэр: не цалкам закрытыя задачы, а знікненне пастаяннай залежнасці. Пра паспяховую рэсацыялізацыю распавядае ментарка з Вільні Воля:
«Знайсці псіхолагаў, грошы на адзенне — гэта прасцей. А вось момант, калі чалавеку трэба рухацца далей — ён самы важны і самы балючы. Я разумею гэта па вельмі канкрэтных рэчах. Калі ў чалавека з’яўляюцца знаёмыя. Калі ён кажа: «Мы зараз з табой сустракаемся, а потым я іду ў госці».
Людзі пачынаюць будаваць доўгатэрміновыя планы: шукаць кватэру, думаць пра працу, прымаць рашэнні наперад. І ёсць яшчэ адзін важны момант. Чалавек пачынае пытацца: «Ці патрэбная дапамога яшчэ камусьці?» У яго ёсць сілы нешта даваць».