Адток новай беларускай дыяспары з Грузіі працягваецца трэці год
На 1 студзеня 2026 года ў Грузіі пражывала 12,681 альбо 10,828 мігрантаў новай хвалі, што на 9% альбо 22,3% менш, чым на 1 студзеня 2023‑га (13,935).
Адток новай беларускай дыяспары з Грузіі працягваецца трэці год, сведчыць праведзены «Позіркам» аналіз даных Нацыянальнай службы статыстыкі Грузіі.
У той жа час казаць аб канкрэтных тэмпах скарачэння дыяспары за 2025 год і параўноўваць іх з папярэднімі гадамі цяжка: паміж тэматычнымі табліцамі на грузінскай і англійскай версіях сайта ёсць істотныя разыходжанні. Графы з лічбамі ідэнтычныя, аднак частка краін, у тым ліку Беларусь, знаходзіцца на розных месцах (гл. скрыншоты), а некаторыя ёсць у адной табліцы, але адсутнічаюць у іншай.
Паводле грузінамоўнай версіі табліцы, летась у Грузію прыбыло 1,938 мігрантаў з беларускім грамадзянствам (957 мужчын, 981 жанчына), выехала з яе — 2,065 (1,088, 977), або на 127 больш.
З англамоўнай версіі вынікае, што колькасць тых, хто прыбыў, склала 1,090 (847 мужчын, 243 жанчыны), тых, хто выехаў, — 3,070 (2,157, 913), або на 1,980 больш.
Іміграцыя ў Грузію і эміграцыя з яе ў 2025 годзе, грузінамоўная версія табліцы. Беларусь выдзеленая лініямі. Скрыншот «Позірк»
Іміграцыя ў Грузію і эміграцыя з яе ў 2025 годзе. Скрыншот «Позірк»
У 2024 годзе з Грузіі выехала на 147 беларускіх мігрантаў больш, чым заехала ў яе (2,598 супраць 2,451). Такім чынам, у залежнасці ад табліцы хуткасць скарачэння дыяспары ў 2025 годзе альбо зменшылася на 13,6%, альбо вырасла ў 13,5 раза.
На 1 студзеня 2026 года ў Грузіі жыло 12,681 альбо 10,828 мігрантаў новай хвалі, ці на 9% альбо 22,3% менш, чым на 1 студзеня 2023‑га (13,935).
Беларускія мігранты масава сяліліся ў Грузіі ў 2022 годзе, вынікае са звестак Сакстата. Тады прыехала 13,361 чалавек, выехала — 852 (дадатнае сальда — 12,509).
У 2021 годзе сальда таксама было дадатным (+1,426), але маштабы міграцыі меншыя: заехала 1,583 чалавека, выехала — 157.
Агулам за пяць гадоў (2021-25) у Грузію прыбыло 22,890 або 22,042 беларускіх эмігранта, выехала з яе — 10,209 альбо 11,214.
«Асноўная праблема беларусаў тут — гэта легалізацыя», — заявіў «Позірку» беларускі праваабаронца Раман Кісляк, які жыве ў Грузіі і тры гады дамагаецца ад мясцовых уладаў прытулку.
«Калі пашпарт заканчваецца, немагчыма легалізавацца, «візараніцца» або па-іншаму. Дазвол на жыхарства прывязваюць да тэрміну дзеяння пашпарта», — адзначыў Кісляк.
Грузія — «боль беларускіх дэмакратычных сіл на міжнароднай арэне», бо там «вельмі складаная сітуацыя», заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская 7 лютага 2026 года ў Варшаве на слуханнях у Каардынацыйнай радзе.
«Адзінае абяцанне, якое мы змаглі атрымаць ад гэтага ўрада ўскосным шляхам, што беларусаў не будуць дэпартаваць у Беларусь. <…> Яны не будуць даваць прытулак. Гэта тое, што нам сказалі», — адзначыла Ціханоўская.