БЕЛ Ł РУС

Наста Кудасава: Недзе гадоў у 15 адправіла вершы ў «Нашу Ніву», у далёкі Менск, у якім нават ніколі не была

25.04.2026 / 12:18

Nashaniva.com

Паэтка прэзентавала ўчора ў Вільні новую кнігу і расказала, як жыве ў эміграцыі, піша «Радыё Свабода».

Беларуская паэтка Наста Кудасава прэзентавала ў Вільні новую кнігу вершаў — «Лірыка». Гэта ўжо сёмая кніга аўтаркі, выдадзеная ў серыі «Паэты планеты» выдавецтва Kamunikat.org.

Паэтка, якая з 2022 года жыве ў польскай Гдыні, уключыла ў кнігу 100 вершаў: частку з папярэдніх зборнікаў і новыя тэксты.

Вершы пра боль і палітвязняў

Некаторыя творы ў кнізе прысвечаныя беларускім палітвязням — у тым ліку Вітольду Ашурку, Сцяпану Латыпаву, Алесю Бяляцкаму.

Наста Кудасава прызнаецца: ніколі не думала, што давядзецца пісаць як «палітычны хранікёр», але падзеі апошніх гадоў не пакідаюць выбару. «Паловай сэрца ты ўсё роўна жывеш там, за той мяжой», — кажа яна пра Беларусь.

На просьбу залы Наста прачытала верш пра Курапаты. Твор «Мы любілі замкнуцца дома» быў напісаны пад уражаннем падзей 2020 года.

Мы любілі замкнуцца дома,
каб не чуць выццё Курапатаў.
мы не верылі ў трыццаць сёмы —
і да нас пагрукаў дваццаты.

гэта вусціш сапрэлым лісцем
набіваецца ў торбы целаў.
я б хацела прачнуцца, выйсці,
выплыць, вылецець я б хацела…

мы не верылі ў трыццаць сёмы,
не глядзелі ў твар Курапатам,
мы, стаіўшыся, спалі дома —
і да нас пагрукаў дваццаты.

Паэтка дакладна памятае, хто натхніў яе на балючыя словы, памятае дзень і месца, калі ў галаве склаліся радкі аднаго з яе самых вядомых вершаў.

«Але звычайна не так. Ніколі не пісала і цяпер не пішу на заказ, вершы нараджаюцца самі, мяне не пытаюцца», — кажа Наста Кудасава.

Беларуская мова як выбар

Пісаць па-беларуску паэтка пачала, калі ёй было 13 — у 1990-я. Менавіта тады, паводле яе, яна адчула, што гэта «яе мова».

Наста Кудасава і выдавец Яраслаў Іванюк

«Былі 90-я. Я наклеіла на школьны дзённік бчб-сцяжок, пачала весці дзённік толькі па-беларуску, і ніхто не забараняў — тады было можна. Паказала беларускія вершы настаўніцы рускай мовы і літаратуры, з якой раней дзялілася сваімі рускімі вершамі, і раптам тая сказала, што вось, гэта тваё, твая мова», — згадала Наста Кудасава паваротны момант жыцця.

«Пачала яе нібы песціць як дзіця, паверыла ў сябе, што магу пісаць, і недзе гадоў у 15 адправіла вершы ў «Нашу Ніву», у далёкі Менск, у якім нават ніколі не была. Тады адзін мой верш надрукавалі, тую газету захоўваю дагэтуль. Так мой паэтычны шлях і пайшоў, прычым больш ніколі не пісала па-руску, ніколі. Пагаварыць магу цяпер на розных мовах, але вершы пішу толькі па-беларуску. Гэта як размова з Богам», — прызналася Наста Кудасава.

Жыццё ў эміграцыі і праца ў пончкарні

Сёння паэтка жыве ў Гдыні і выхоўвае дзяцей. Каб зарабляць на жыццё, працуе ў пончкарні — пячэ пончыкі. Паводле Кудасавай, літаратура не дае стабільнага даходу, таму даводзіцца шукаць іншыя магчымасці. Пры гэтым яна не лічыць гэта праблемай: фізічная праца дапамагае «пераключыцца», а вершы працягваюць нараджацца самі.

«У мяне цяжкая праца, бывае, што ногі баляць, бо ўвесь час на нагах, але ў мяне ёсць мой бонус, маё шчасце — гэта складаць вершы. Так, у паэта бываюць прэміі, бываюць нейкія стыпендыі, але гэта не галоўны заробак, таму я лічу, што так лепш. Бо калі ты пачынаеш спадзявацца толькі на заробак ад пісьменства, то будзеш пісаць горш. Вершы пішуцца ці не пішуцца, але калі не пішуцца, мне ўсё роўна ёсць за што жыць».

Паміж радзімай і новым жыццём

Наста Кудасава родам з Рагачова і называе яго сваім галоўным месцам сілы. Нягледзячы на вымушаную эміграцыю, яна кажа, што гэтае пачуццё не змянілася.

«Крыўдна? Крыўдна. Ну, нічога: усё роўна Рагачоў — мой горад, хоць ён пра гэта не здагадваецца», — усміхаецца паэтка.

Цяпер яна рыхтуе новую кнігу з назвай «Сонца ёсць і птушак чуваць». Кнігу «Лірыка» можна замовіць на сайце выдавецтва kamunikat.org або набыць на беларускіх кніжных імпрэзах.

Сёння Наста і Яраслаў прыедуць у Рыгу, заўтра плануецца выступ у Таліне, а ў наступную сераду ў Варшаве адкрыецца кнігарня «Камунікат».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула