БЕЛ Ł РУС

Кацярына Андрэева вяртаецца ў журналістыку і анансавала ў хуткім часе першае відэаінтэрв’ю

25.04.2026 / 15:02

Nashaniva.com

Былая палітзняволеная журналістка «Белсат» Кацярына Андрэева абвясціла, што вярнулася ў прафесію пасля пяці з паловай гадоў зняволення. Яна ўжо зрабіла першае інтэрв’ю — з былой зняволенай праваабаронцай Настай Лойкай. Пра размову яны дамовіліся падчас таго, як «ехалі разам у бусіку да літоўскай мяжы» пасля вызвалення з гомельскай жаночай калоніі, піша «Белсат».

Фота са старонкі Кацярыны Андрэевай у фэйсбуку

«Я спадзяюся, што гэта будзе серыя інтэрв’ю, — апавяла Кацярына Андрэева ў эфіры «Раніцы з «Белсатам». — Пакуль што я вырашыла пасправабаць свае сілы ў першым, паглядзім, як гэта атрымалася. Мы з Настай Лойкай дамовіліся пра гэтае інтэрв’ю, калі ехалі разам у мікрааўтобусе да літоўскай мяжы ў дзень нашага вызвалення — 19 сакавіка. Трошкі больш за месяц таму. Яшчэ раней у калоніі мы сябравалі і абмяркоўвалі, што было б добра, калі мы вызвалімся прыкладна ў адзін час, каб я ўзяла ў яе інтэрв’ю. І яна сказала, што для яе гэта будзе вельмі прыемна».

Жаданне сфакусавацца на вялікіх інтэрв’ю і «human story»

Паводле словаў Кацярыны, з’явілася новая тэндэнцыя — калі былыя палітзняволеныя журналісты размаўляюць з былымі палітвязнямі:

«Мы маем агульны досвед і разумеем адзін аднаго лепш, чым журналіст, які быў увесь гэты час на волі».

Кацярына Андрэева апавяла, што яе першае пасля вызвалення інтэрв’ю выйдзе ўжо «ў найбліжэйшыя дні» на тэлеканале «Белсат» і паказала ўрывак з гэтай размовы.

Таксама яна паведала, што зараз хоча сфакусавацца на вялікіх інтэрв’ю і «human story», і менавіта гісторыя Насты Лойкі стала першай кропкай у гэтым напрамку.

«Наста падкрэсліла, што для яе вельмі важна, каб размова не адбывалася з пункту гледжання ахвяры. Ёй бы вельмі не хацелася, каб людзі пабачылі ў ёй ахвяру катаванняў. Мне цяжка гаварыць пра гэта, але Наста перажыла вельмі складаныя часы і шмат у чым ейны досвед быў цяжэйшым за мой. Але цяпер яна хоча не тое, каб «перагарнуць старонку», а знаходзіць у сабе сілы, каб дараваць. І яна пра гэта адкрыта кажа», — паведаміла Кацярына

«Наста нязломная, я ведала яе яшчэ да нашай «пасадкі». Ейныя каштоўнасці, базавыя прынцыпы, якімі яна кіруецца ў сваім жыцці і стасунках з людзьмі і ў праваабарончай дзейнасці, — яны застаюцца нязменнымі, і гэта вельмі добра. І тыя чатыры гады, што яна правяла за кратамі, не паўплывалі на ейны светапогляд і карціну сусвету. Я спадзяюся, што нашыя гледачы змогуць гэта ацаніць, калі інтэрв’ю выйдзе», — дадала журналістка.

Новыя ўмовы і выклікі для журналістаў

Кацярына Андрэева заўважыла, што беларускія журналісты ў выгнанні зараз сутыкаюцца са шматлікімі выпрабаваннямі і выклікамі, але гэта не перашкаджае ім працаваць на карысць чытачоў і гледачоў у змененых умовах:

«Зараз беларуская журналістыка стала больш складанай для нас — і з этычнага, і з тэхнічнага пункту гледжання. У нас цяпер няма карэспандэнтаў у Беларусі, якія маглі б здабываць інфармацыю і эксклюзіў. Усё грунтуецца больш на звестках, якія мы бярэм з сацыяльных сетак. Што складана і не можа не адбівацца на якасці. З’явіліся новыя выклікі — і ад майстэрства журналіста залежыць, як скарыстаць гэтую сітуацыю такім чынам, каб здабываць эксклюзіў і рабіць цікавы кантэнт для гледачоў нават у такіх умовах, у выгнанні».

Чытайце таксама:

Андрэева: Калеснікаву купілі за «Беларуськалій», мяне за зняццё санкцый з банкаў. Калі б санкцый не было, за што б нас куплялі?

Кацярына Андрэева: Я была маральна гатовая за той стрым адседзець два гады, але ўсё пасыпалася, калі інкрымінавалі здраду дзяржаве

Пазняк — Андрэевай: Хвала Вам, Кацярына! У Вас выдатны муж

«Веру, што сілавікі могуць інакш». Наста Лойка расказала пра зняволенне, ГУБАЗіК і стакгольмскі сіндром

Каментары да артыкула