БЕЛ Ł РУС

Папа Леў XIV раскрытыкаваў бласлаўленне гомасэксуальных пар

25.04.2026 / 15:22

Nashaniva.com

Пантыфік крытычна выказаўся пра бласлаўленне гомасэксуальных пар нямецкай царквой, піша Bild.

Фота: Simone Risoluti — Vatican Media via Vatican Pool / Getty Images

«Святы Пасад ясна даў зразумець, што мы не згодныя з фармалізаваным благаслаўленнем пар, у дадзеным выпадку гомасэксуальных пар або пар у незвычайнай сітуацыі, звыш таго, што было дазволена [папярэднім] Папам Францішкам, калі ён сказаў, што ўсе могуць атрымліваць благаслаўленне».

Гаворка ідзе таксама пра незарэгістраваныя пары — або пары, якія не знаходзяцца ў царкоўным шлюбе.

Такім чынам Папа рэагуе на дзеянні кардынала Райнхарда Маркса, былога старшыні Нямецкай біскупскай канферэнцыі.

Маркс нядаўна ў сваёй епархіі Мюнхена і Фрайзінга дазволіў бласлаўленне гомасэксуальных пар. Падставай стала рэкамендацыя Нямецкай біскупскай канферэнцыі і Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў, прынятая ў мінулым годзе. Па гэтым пытанні ён ужо «размаўляў з нямецкімі біскупамі», паведаміў Леў XIV.

Разам з тым Леў заклікае да адзінства: «Вельмі важна разумець, што адзінства або падзел царквы не павінны круціцца вакол пытанняў сэксуальнасці. У нас ёсць тэндэнцыя думаць, што калі царква гаворыць пра мараль, яна гаворыць толькі пра сэксуальную мараль. Насамрэч, я лічу, ёсць значна больш буйныя і важныя тэмы, такія як справядлівасць, роўнасць, свабода мужчыны і жанчыны, свабода рэлігіі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула