БЕЛ Ł РУС

Мелоні: Захад павінен патрабаваць крокі наперад ад Пуціна, а не ісці яму насустрач

25.04.2026 / 16:50

Nashaniva.com

Прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мелоні падчас сустрэчы лідараў Еўрасаюза на Кіпры заявіла, што Захад павінен патрабаваць канкрэтных крокаў ад Расіі, а не працягваць рабіць ёй саступкі.

Джорджа Мелоні. Фота: AP Photo/Petros Karadjias

Мелоні адзначыла, што за апошні час заходнія краіны, у тым ліку ЗША, ужо зрабілі некалькі жэстаў у бок Масквы, але не атрымалі дзеянняў у адказ. Таму, на яе думку, цяпер час змяніць падыход і чакаць ініцыятывы з расійскага боку.

«Мы і амерыканцы, асабліва ў апошнія месяцы, зрабілі некалькі крокаў насустрач Расіі, а з другога боку такога не ўбачылі. Думаю, настаў час гэтага запатрабаваць», — падкрэсліла Джорджа Мелоні.

Гэтая заява прагучала на фоне абмеркавання магчымасці запрашэння прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна на саміт G20, які павінен адбыцца ў снежні ў амерыканскім Маямі. Як раней паведамлялася, ідэю запрашэння Пуціна разглядае прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, хоць сам ён сцвярджаў, што нібыта пакуль гэтага не рабіў, але лічыць удзел расійскага лідара карысным.

У Крамлі, у сваю чаргу, адзначылі, што адносна фармату ўдзелу Расіі ў саміце пакуль яшчэ не вызначыліся — Пуцін можа паехаць і сам, але не выключана, што краіну можа прадстаўляць і іншы чалавек.

Адносіны паміж Джорджай Мелоні і Дональдам Трампам, якія раней лічыліся даволі цёплымі, апошнім часам крыху пагоршыліся. Гэта адбылося пасля таго, як Мелоні падтрымала Папу Льва XIV у яго канфлікце з Трампам. Нягледзячы на гэта, прэм'ер-міністарка Італіі падкрэслівае, што ў цэлым сувязі паміж яе краінай і ЗША застаюцца трывалымі.

Чытайце таксама:

«Гэтыя карыкатуры дакладна не прымусяць нас змяніць курс». Мелоні дасціпна адказала Салаўёву

МЗС Італіі выклікала расійскага пасла пасля таго, як Салаўёў назваў Джорджу Мелоні «шл**ай»

«Трэба трымацца ад яго далей». Еўрапейскія ультраправыя адварочваюцца ад Трампа

Каментары да артыкула