Памёр расійскі палітвязень Алег Тырышкін. Ён ужо трэці за красавік
Памёр 64‑гадовы расійскі палітвязень Алег Тырышкін. Яго асудзілі на 2 гады за каментар у «Вконтакте». Пра смерць Тырышкіна паведамілі выданню RusNews актывісты, якія перапісваліся са зняволенымі, піша The Insider.
Алег Тырышкін
Як паведамляецца, прычынай смерці Алега Тырышкіна сталі праблемы з сэрцам. Дзе менавіта ён знаходзіўся ў момант смерці, дакладна невядома: меркавана ў Кемераўскай вобласці, аднак мужчына мог быць і на этапе.
Алегу Тырышкіну было 64 гады. Ён быў шахцёрам з Кузбаса і раней займаўся прафсаюзнай дзейнасцю. У снежні 2024 года мужчыну асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму па артыкуле аб «публічным апраўданні тэрарызму». Падставай стаў каментар у «Вконтакте» аб гібелі Ахмата Кадырава, бацькі цяперашняга кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, у 2004 годзе. Тэрмін ён павінен быў адбываць да снежня 2026 года.
Сам Тырышкін віну не прызнаваў і сцвярджаў, што ягоныя словы былі эмацыйнымі і не ўтрымлівалі заклікаў да гвалту. Суд на ім праходзіў у закрытым рэжыме, а слуханні неаднаразова пераносіліся, у тым ліку праз дрэннае здароўе падсуднага.
У 2025 годзе апеляцыйны суд пакінуў прысуд яму без зменаў, нягледзячы на скаргі аб пагаршэнні самаадчування. Паведамлялася, што ў Тырышкіна былі сур’ёзныя праблемы са здароўем, у тым ліку кіста галаўнога мозгу.
Гэта ўжо трэцяя вядомая смерць палітвязня ў Расіі за красавік. Перад тым 8 красавіка ў СІЗА Камсамольска-на-Амуры скончыў жыццё самагубствам 53‑гадовы мастак Андрэй Акузін, арыштаваны з-за каментара ў інтэрнэце. А 17 красавіка стала вядома пра смерць у калоніі ў Варонежы 43‑гадовага палітвязня, прапаведніка і блогера Вегана Хрысталюба Божага. Прычыны яго смерці афіцыйна не называліся.
Чытайце таксама:
У Расіі скончыў жыццё самагубствам палітзняволены мастак
Расійскаму палітвязню дадалі паўтара года зняволення за вокліч «Слава Украіне! Смерць Пуціну!»