На прыёме з удзелам Трампа і іншых першых асоб ЗША стралок адкрыў агонь
На ўрачыстым прыёме Асацыяцыі карэспандэнтаў пры Белым доме ў гатэлі Washington Hilton адбылася страляніна. На мерапрыемстве прысутнічалі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, першая лэдзі і ключавыя міністры. Прэзідэнт і яго асяроддзе не пацярпелі, нападнік затрыманы.
Агенты Сакрэтнай службы эвакуіруюць Дональда Трампа са сцэны пасля стрэлаў. Вашынгтон, 25 красавіка 2026 года. Фота: AP Photo / Mark Schiefelbein
Выстралы прагучалі ў самы разгар вечара. Паводле сведчанняў відавочцаў, у зале пачалася паніка: удзельнікі вячэры хаваліся пад сталамі, а агенты Сакрэтнай службы са зброяй у руках забяспечвалі эвакуацыю вышэйшых асоб. Сярод тых, каго тэрмінова вывелі з залы, былі прэзідэнт Дональд Трамп і Меланія Трамп, віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, міністр абароны Піт Хегсет, міністр аховы здароўя Роберт Кенэдзі-малодшы.
Адзін з агентаў Сакрэтнай службы пры нападзе стралка атрымаў кулю, але яго выратаваў бронежылет.
Падазраваны быў затрыманы на месцы. Паводле папярэдніх даных, гэта Коўл Томас Ален (Cole Thomas Allen), 31‑гадовы настаўнік з Каліфорніі. Паводле паліцыі, ён быў узброены драбавіком, пісталетам і меў пры сабе некалькі нажоў.
Фота затрыманага нападніка апублікаваў Дональд Трамп у сваёй сацсетцы
Дональд Трамп ужо пракаментаваў інцыдэнт, назваўшы нападніка «вельмі хворым чалавекам» і «забойцам-адзіночкам». Ён высока ацаніў дзеянні спецслужбаў, назваўшы іх працу «фантастычнай».
Мерапрыемства, на якім адбылося здарэнне, адкладзена як мінімум на месяц. Трамп заявіў, што хоць ён сам «адчайна хацеў застацца», паводле пратакола бяспекі яго вымусілі пакінуць будынак, бо не было пэўнасці, што пагроза ліквідаваная.
Матывы стралка пакуль застаюцца невядомымі.