БЕЛ Ł РУС

Стралок, які ўварваўся на вячэру з Трампам, даслаў перад гэтым маніфест — вось што ў ім

26.04.2026 / 20:26

Nashaniva.com

Мужчына, які распачаў страляніну на ўрачыстым прыёме Асацыяцыі карэспандэнтаў пры Белым доме ў гатэлі Washington Hilton, дзе прысутнічаў і Дональд Трамп, за 10 хвілін да нападу даслаў сямейнікам Трампа свой маніфест. Яго тэкст апублікавала выданне The New York Post.

Дональд і Меланія Трамп на прыёме. Фота: прэс-служба Трампа

Падазраванага завуць Коўл Томас Ален. Гэта 31‑гадовы настаўнік і распрацоўшчык гульняў з Каліфорніі, раней ён не трапляў у поле зроку паліцыі. У маніфесце ён назваў сябе «дружалюбным федэральным асасінам» і патлумачыў свае матывы.

«Я грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі. Тое, што робяць мае прадстаўнікі, адбіваецца на мне. І я больш не жадаю дазваляць педафілу, гвалтаўніку і здрадніку пакрываць мае рукі яго злачынствамі. (Ну, калі быць зусім шчырым, я перастаў жадаць гэтага даўно, але гэта першая рэальная магчымасць, якая ў мяне з'явілася, каб нешта з гэтым зрабіць.)», — напісана ў маніфесце.

Далей мужчына апісаў «правілы вядзення бою». Там адзначаецца, што яго цэлямі з'яўляюцца чыноўнікі адміністрацыі Трампа: «прыярытэт ад вышэйшых па рангу да ніжэйшых». Гасцей і супрацоўнікаў гатэля ён не збіраўся чапаць. Але, піша, што калі б гэта было неабходна, каб дабрацца да цэляў, то пацярпелі б і іншыя людзі — «на той падставе, што большасць людзей вырашылі наведаць прамову педафіла, гвалтаўніка і здрадніка, і, такім чынам, з'яўляюцца саўдзельнікамі». 

Стралок напісаў і пра недастаткова строгі кантроль на прыёме.

«Якога чорта робіць сакрэтная служба? (…) Ну вось, я чакаў камер відэаназірання на кожным кроку, праслухоўвання ў нумарах гатэля, узброеных агентаў праз кожныя 10 футаў, металашукальнікаў на кожным куце. Тое, што я атрымаў (хто ведае, можа яны мяне разыгрываюць!) — гэта нічога. Ніякай чортавай бяспекі. Ні падчас транспартавання. Ні ў гатэлі. Ні на самім мерапрыемстве.

Вось адзіная рэч, якую я адразу заўважыў, калі ўваходзіў у гатэль, — гэта пачуццё фанабэрыі. Я заходжу з мноствам адзінак зброі, і ніводзін чалавек там нават не дапускае думкі, што я магу быць пагрозай».

Нападніка затрымалі на месцы.

Улады пацвердзілі, што Ален купіў два пісталеты і драбавік і захоўваў іх у доме сваіх бацькоў. Ён рэгулярна трэніраваўся на стрэльбішчы.

Сакрэтная служба апытала сястру Алена, якая жыве ў Роквіле, штат Мэрыленд, і даведалася, што ён часта выказваў радыкальныя палітычныя погляды і казаў пра тое, каб зрабіць «нешта», каб выправіць праблемы свету.

Брат Алена паведаміў у паліцэйскае ўпраўленне пра маніфест.

Чытайце таксама:

На прыёме з удзелам Трампа і іншых першых асоб ЗША стралок адкрыў агонь

Што вядома пра стралка, які ўварваўся на вячэру з Трампам

Каментары да артыкула