У Польшчы стартавала тая самая спрэчная «гульня Мацкевіча» для беларускіх палітыкаў і актывістаў
У Кракаве паспрабуюць дамовіцца пра тое, пра што не могуць дамовіцца гадамі.
Уладзімір Мацкевіч. Фота з яго фэйсбуку
У Кракаве стартавала арганізацыйна-дзейнасная гульня, ініцыяваная метадолагам Уладзімірам Мацкевічам. Арганізатары падаюць як прастору, дзе «ў той ці іншай ступені прысутнічаюць усе палітычныя сілы Беларусі».
Гэта тыднёвы інтэнсіў, дзе ўдзельнікі з рознымі пазіцыямі павінны праз канфлікт і калектыўнае мысленне выпрацоўваць новыя падыходы да палітычных і грамадскіх праблем. Маўляў, менавіта праз сутыкненне пазіцый нараджаюцца рашэнні. На практыцы ж вынікі такіх гульняў застаюцца, мякка кажучы, невідавочнымі.
Арганізатары не раскрывалі спіс удзельнікаў. Заява пра «ўсе палітычныя сілы» выглядае гучна, але пакуль праверыць яе немагчыма: няма ні адкрытага спісу, ні разумення, хто і якую ролю насамрэч адыгрывае.
Вядома, што ў гульні ўдзельнічаюць былы палітвязень і блогер Мікола Дзядок, кіраўніца арганізацыі «Dapamoga і шэлтара «Замак» для беларускіх палітэмігрантаў Наталля Калегава, прадстаўнікі «Кіберпартызанаў». Заяўлялася таксама ўдзел Віктара Бабарыкі і прадстаўніка офіса Святланы Ціханоўскай, але пацвярджэння гэтаму пакуль няма. Усяго — больш за 70 чалавек.
Гульні Мацкевіча
Вялікія арганізацыйна-дзейнасныя гульні Мацкевіча — практыка не новая. Але іх эфектыўнасць застаецца пад пытаннем ужо не першы год.
Гульнямі Мацкевіч займаецца з канца 1980-х. Апошнюю маштабную гульню Уладзімір Мацкевіч праводзіў у 2013 годзе. Праект быў міжнародным: яго падтрымлівалі МЗС Германіі і Польшчы, інвестарам выступаў фонд Bertelsmann у межах праграмы Transformation Thinkers. Удзельнічалі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі Сірыі, Аргенціны, Чылі, Егіпта, а таксама еўрапейскія эксперты.
Ідэя выглядала амбітна — прапрацаваць сцэнары трансфармацыі для краін, дзе няма гатовых мадэляў. Але на практыцы гульня не прывяла нават да базавага выніку.
Сам Мацкевіч прызнае: «у нейкім сэнсе яна не атрымалася». Не ўдалося падрыхтаваць нават супольны выніковы дакумент. Частка сцэнарыяў, якія прагаворваліся ў працэсе — у тым ліку магчымыя крызісы ва Украіне — удзельнікі проста не ўспрынялі сур’ёзна.
Пасля гэтага, фактычна, вялікія «гульні» спыніліся.
Чытайце таксама:
Тры версіі аднаго правалу: як на парламенцкіх выбарах у 1995‑м сутыкнуліся Пазняк і Мацкевіч