Прэзідэнт Польшчы запрасіў Пачобута ў Прэзідэнцкі палац
Караль Наўроцкі адзначыў ролю Дональда Трампа ў вызваленні палітвязня Анджэя Пачобута.
Прэм'ер Польшчы Дональд Туск вітае на мяжы Анджэя Пачобута. Фота: твітар Дональда Туска
«Анджэй Пачобут ужо знаходзіцца ў Польшчы, вызвалены рэжымам Лукашэнкі. Гэта чалавек, які даказаў, наколькі моцныя польскасць і адданасць каштоўнасцям. Ён заплаціў за гэта высокую цану ў цяжкай турме», — заявіў Караль Наўроцкі падчас форуму ў харвацкім Дуброўніку.
Прэзідэнт дадаў, што вызвалены журналіст быў удастоены Ордэна Белага Арла. «Запрашаю спадара Анджэя атрымаць Ордэн Белага Арла пасля завяршэння ўсяго працэсу адаптацыі», — сказаў ён.
«Дзякую прэзідэнту Злучаных Штатаў Дональду Трампу за садзейнічанне ў вызваленні нашага суайчынніка. Дзякую ўсім, хто працаваў дзеля гэтага поспеху», — адзначыў Наўроцкі ў сваім прынагодным допісе ў сацсетцы X.