БЕЛ Ł РУС

«Андрэя няма — абмену няма». Каардынатар польскіх спецслужбаў распавёў падрабязнасці абмену Пачобута

29.04.2026 / 10:07

Nashaniva.com

Польшча да апошняга моманту не была ўпэўненая ў поспеху аперацыі па вызваленні Андрэя Пачобута, паколькі Аляксандр Лукашэнка ўжо меў досвед парушэння дамоўленасцей «у апошнюю хвіліну». Міністр-каардынатар спецслужбаў Польшчы распавёў, што стала ключавымі фактарамі поспеху.

Міністр-каардынатар спецыяльных службаў Польшчы Томаш Сямоняк у эфіры TVPinfo распавёў, як праходзіў абмен на польска-беларускай мяжы, у выніку якога ў аўторак быў вызвалены Андрэй Пачобут, піша REFORM.news.

Паводле слоў Сямоняка, да канца польскі бок не быў упэўнены ў поспеху аперацыі.

«Гэты абмен быў вельмі імаверны, паколькі ў ім удзельнічалі не толькі Польшча і Беларусь. Аднак у такіх сітуацыях ніколі нельга быць упэўненым, што нешта не адбудзецца, што прэзідэнт Беларусі не патэлефануе і не скажа, што мы гэтага рабіць не будзем, таму што менавіта гэта адбылося мінулым разам, калі мы былі вельмі блізкія да абмену», — сказаў ён.

Сямоняк дадаў, што ўзгадненне тэхнічных дэталяў абмену доўжылася некалькі дзён. Трэба было даставіць на мяжу асоб з трэціх краін. Іх удзел у абмене дадаваў упэўненасці польскаму боку.

«За хвіліну да 13 гадзін, калі гэта павінна было пачацца, мы з прэм'ерам глядзелі на экран, які паказваў, адкуль павінны былі з'явіцца беларусы з Андрэем Пачобутам, і не было ў нас упэўненасці. Эмоцыі ў гэты момант былі вельмі моцнымі. Гэта сапраўды адбывалася. Тут быў іншы бок, які ўчора стрымаў сваё слова, але некалькі разоў парушаў яго», — дадаў ён.

Сямоняк распавёў, што польскі бок выставіў умовай: Андрэй Пачобут павінен перайсці мяжу першым.

«Так, гэта была нашая ўмова, прынятая другім бокам, таму для нас гэта было відавочна. Андрэя Пачобута няма — абмену няма», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, ён чакаў, што Пачобут задасць пытанне пра вяртанне ў Беларусь. Сямоняк адзначыў, што палітвязень — «гэта вялікі польскі, а таксама беларускі герой барацьбы за дэмакратыю, барацьбы за правы меншасцяў», які не хоча быць па-за законам.

Міністр нагадаў, што ўжо былі выпадкі, калі пры абменах людзі адмаўляліся і вярталіся ў краіну, якая іх выдавала. Такі выпадак адбыўся ў часы ПНР.

«Таму тут нічога не было ясна, і для мяне было відавочна і натуральна, што ён хацеў даць зразумець: мяне хвалюе Беларусь, вяршэнства закона ў Беларусі, і што ён не выгнаннік са сваёй краіны, як дзясяткі ці сотні іншых беларускіх апазіцыянераў», — сказаў Сямоняк.

«Гэта яго рашэнне. Тут яму аказалі найлепшую медыцынскую дапамогу. Учора ўвечары ён сустракаўся са сваёй сям'ёй. Яму неабходна прайсці абследаванні. Аднак ён свабодны чалавек, і ён сам прыме гэтае рашэнне. Вядома, мы зробім усё магчымае, каб забяспечыць яму тут найлепшыя ўмовы, але, як я ўжо сказаў, ён свабодны чалавек і будзе рабіць усё, што захоча», — дадаў ён, адказваючы на пытанне аб магчымым рашэнні Андрэя Пачобута.

Міністр адзначыў, што вызваленне Пачобута — важны момант у польска-беларускіх адносінах. І цяпер ад Аляксандра Лукашэнкі залежыць, якімі будуць далейшыя крокі і кантэкст яго перамоў са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.

Сямоняк падкрэсліў, што хоць Пачобут і з'яўляецца найбольш вядомым з вызваленых, вяртанне іншых удзельнікаў абмену таксама было важным.

«Аднак той, хто зняволены ў Беларусі па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Польшчы, — мы вельмі інтэнсіўна працавалі над гэтым, і мы таксама вельмі перажывалі за яго. Мы не пакідаем нікога з тых, хто працаваў на Польшчу, ці тых, хто, як айцец Гавел, быў у гэтым абвінавачаны. Хоць доказы тут былі вельмі беднымі. Мы шукаем кожнага паляка, які, на нашу думку, знаходзіцца ў зняволенні несправядліва і палітычна, альбо па ілжывых абвінавачваннях у шпіянажы, альбо па іншых», — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне аб фактарах поспеху аперацыі, міністр адзначыў, што тры чалавекі, выдадзеныя Польшчай, мелі вялікае значэнне для другога боку.

«Безумоўна, той факт, што тры чалавекі, якіх мы экстрадуем, маюць велізарнае значэнне і важныя для другога боку. Безумоўна, амерыканскае ўмяшанне і амерыкана-беларускія адносіны. І, вядома ж, той факт, што Расія, якая недзе тузае за апошнія нітачкі часта ў выпадку з Беларуссю, таксама была вельмі зацікаўленая ў ажыццяўленні гэтага абмену. Гэтыя фактары, несумненна, вызначылі ўчорашні поспех», — сказаў ён.

Сямоняк дадаў, што Лукашэнка апынуўся ў сітуацыі, калі яму прыйшлося лічыцца з Расіяй, з амерыканцамі, і гэта звузіла яго магчымасці для зрыву здзелкі ў апошнюю хвіліну, таму што «нехта ў Польшчы нешта сказаў».

Вядучы праграмы таксама спытаў у міністра, ці не збіраецца Польшча пачаць расследаванне катаванняў Пачобута.

«Я лічу, што мы павінны зрабіць усе неабходныя юрыдычныя дзеянні ў такім выпадку. Мне складана казаць ад імя пракуратуры ці ацэньваць сітуацыю тут.Я магу сказаць адно напэўна, таму што я быў там, я размаўляў з Андрэем Пачобутам. Мы абняліся. Я ведаў яго па паведамленнях у СМІ і бачыў, які ён моцны мужчына, жыццярадасны, энергічны і гэтак далей. Я абняў чалавека, які пасля пяці гадоў проста галадаў, быў знясілены і слабы, таму ў яго не было тых умоў, якія павінны былі быць у турме. Нават калі чалавек знаходзіцца ў зняволенні, дзейнічаюць пэўныя правілы, якія тычацца медыцынскага абслугоўвання, харчавання і догляду […] І гэта таксама павінна быць часткай ацэнкі пракуратуры і польскіх уладаў, як з ім там абыходзіліся», — адказаў ён.

Сямоняк таксама выказаўся пра перспектывы паляпшэння адносін з Мінскам.

«Складана сказаць. Нас цікавіць захаванне гэтых адносін як мага менш напружанымі. Адкрыццё некаторых памежных пераходаў у мінулым годзе… Аднак польскі вопыт паказвае, што гэтыя адносіны ўяўляюць сабой такую сінусоіду: лепш, горш і хутчэй горш.

Пасля 2020 года, пасля няўдалых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, мы сутыкнуліся з вельмі негатыўнымі з'явамі, таксама гібрыднай агрэсіяй на мяжы.

Варта адзначыць, што ўжо некалькі тыдняў не было спроб незаконнага перасячэння мяжы з беларускага боку, што было нашым шматгадовым кашмарам, пачынаючы з 2021 года. Таму Польшча, безумоўна, зацікаўленая, каб адносіны былі нармальнымі, каб не шукаць розных напружанасцяў і гэтак далей. Аднак у якой ступені Лукашэнка незалежны ад Расіі і ў якой ступені Лукашэнка можа дазволіць сабе такую палітыку? Гэта асобныя пытанні. Мы сочым за тым, што адбываецца паміж Злучанымі Штатамі і Беларуссю, і я ўпэўнены — абмяркоўваем гэта штодня — таксама важна, каб Беларусь не была нейкай дзяржавай, на 100% залежнай ад Расіі», — сказаў Сямоняк.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула